Сяргей Іконнікаў: Спачатку нас забівала радыяцыя, а цяпер – дзяржава



Жыхар Віцебска, былы вайсковец Сяргей Іконнікаў – адзін з тых, хто ліквідаваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адзін з тых, хто застаўся жывым пасля працы ў Чарнобылі, але стаў інвалідам, і адзін з тых, каго ў 2012 годзе перасталі лічыць героем, вартым ільготаў і пашаны. Чарнобыльскіх «ліквідатараў» перайменавалі ў «пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС», на іхны подзвіг у змаганні са страшным, але не бачным ворагам – радыяцыяй – уладам было прасцей забыцца, чымсьці прызнаць падман дзяржаўнага ўзроўню.

Пра аварыю не паведамлялі амаль тыдзень, бо рыхтаваліся да параду 1 траўня 1986 года, потым сталі прыхоўваць маштаб небяспекі, кажа Сяргей Іконнікаў:

– Я быў камандзірам узводу, здымаў паказанні дазіметраў у маіх падначаленых. Нормай было 0,5 рэнтгена, а прыбор паказваў паўтара-два… За спіной стаіць падпалкоўнік і сочыць: «Іконнікаў, ты што робіш? Пішы 0, 47!» Тады я сказаў нашым хлопцам, каб працавалі па 10 хвілін, хаця афіцыйна мусілі па 15. І ўжо шмат каго з іх мы пахавалі.

Гэты аповед Сяргея Іконнікава ўвайшоў у дакументальны фільм «Сам-насам з памяццю», які ў 2018 годзе знялі віцебскія журналісты. Падчас прэзентацыі былыя вайскоўцы, сталыя ўжо мужчыны, плакалі: гэта быў той рэдкі момант, калі іхны подзвіг прызналі вартым ушанавання.

Сяргей Іконнікаў на прэзентацыі фільма

– Спачатку нас забівала радыяцыя, а цяпер – дзяржава. Нас праклялі, нас няма – няма такой катэгорыі, як ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС. Мы хварэем і паміраем забытымі! Хлопец з майго ўзводу меў права на дачасную пенсію, але суд не паверыў, што ён быў у Чарнобылі. Мы паказвалі фотаздымкі, але суддзя сказала, што гэта мы знарок з’ездзілі на АЭС, каб сфатаграфавацца на фоне рэактара! А супрацоўніца ваенкамата адкрыта сказала, што ўсе дакументы таго перыяду знішчаны».

Героі фільма і самадзейныя выканаўцы, якія ўвасобілі іх маладымі

Наступствы працы ў 30-кіламетровай зоне напаткалі кожнага, гаворыць Сяргей Іконнікаў. У Віцебску засталося ўсяго дзясяткі паўтара ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, тыдзень таму сябры пахавалі яшчэ аднаго з апошніх, Аляксандра Мікуліна… Штогод 26 красавіка яны збіраюцца разам і пускаюць па Дзвіне вянок з надпісам на жалобнай стужцы «Героям-ліквідатарам ад нас, жывых».

Пра тое, ці адбудзецца гэтая цырымонія сёлета, і чаго патрабуюць ліквідатары ад уладаў, распавядае Сяргей Іконнікаў.

Гутарка з ім – у далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя