24 хакеісты «Нёмана» заразіліся каронавірусам



24 хакеісты клубаў «Нёман», «Нёман-2» і юніёрскіх каманд структуры гарадзенскага клуба заразіліся каронавірусам.

Пасля заканчэння чэмпіянату хакеісты праводзілі ў Лядовым палацы некалькі спарынгаў паміж сабой. Гэта нармальная практыка, калі трэнерскі штаб па заканчэнні чэмпіянату праглядае маладых хлопцаў, адзначае «Вячэрні Гродна». Па інфармацыі некаторых СМІ ўсіх інфікаваных адправілі за горад у «Світанак», аднак гэта не так, на базу адпачынку нікога не адпраўлялі і адпраўляць не будуць, адзначае выданне.

Уладзіслаў і Ганна Давыскіба пераходзяць у «Монцу»

Гулец «Будаўніка» і зборнай Беларусі Уладзіслаў Давыскіба і яго жонка Ганна Давыскіба, вядомая пад дзявочым прозвішчам Грышкевіч, пераходзяць у «Монцу». Пра гэта стала вядома «Прессболу». Цікавасць да 19-гадовага гульца выказваў «Зеніт» з Казані. Аднак у беларус усё ж падпісаў пагадненне з італьянскай «Монцай». Гэта моцны серадняк серыі «А1» і сярэбраны прызёр леташняга Кубка выкліку.

Форвард гомельскага «Лакаматыва» дыскваліфікаваны і стаў вольным агентам

Форвард гомельскага «Лакаматыва» Максім Санец дыскваліфікаваны да 25 траўня і стаў свабодным агентам. Такое рашэнне прыняў камітэт па статусе і пераходах футбалістаў БФФ. Гулец у пачатку года падпісаў кантракт з «чыгуначнікамі». Аднак клуб не выканаў некаторыя абавязацельствы па кантракце, і футбаліст вырашыў перайсці ў «Спутнік». У адказ на гэта «Лакаматыў» падаў скаргу ў БФФ. Па выніках разглядаў гомельскі клуб быў аштрафаваны на 100 базавых велічынь за парушэнне правоў футбаліста-прафесіянала пры падрыхтоўцы да матчаў, а «Спутнік» атрымаў штраф у 200 базавых велічынь за парушэнне рэгламенту па статусе і трансферах.

Жаночы футбольны чэмпіянат Еўропы перанесены на 2022 год

Чэмпіянат Еўропы па футболе сярод жаночых каманд перанесены на 2022 год. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). Плануецца, што фінальная стадыя жаночага Еўра пройдзе на ангельскіх футбольных арэнах з 6 па 31 ліпеня 2022 года. Першапачаткова турнір павінен быў адбыцца летам 2021, але ў сувязі з пандэміяй COVID-19 было вырашана перанесці яго на год. Жаночая зборная Беларусі, якую трэніруе Юрый Малееў, свой чарговы адборачны матч ЧЕ павінна была правесці 14 красавіка ў Менску супраць каманды Паўночнай Ірландыі. Да гэтага ў кваліфікацыйнай групе С беларуская зборная ўпэўнена перамагла ў Барысаве футбалістак Фарэрскіх выспаў – 6:0, а таксама прайграла камандам Нарвегіі – 1:7 і Уэльса – 0:1. Цяпер становішча ў гэтай групе такое: Нарвегія – 12 ачкоў (4 матчы), Уэльс – 8 (4), Беларусь – 3 (3), Паўночная Ірландыя – 2 (4), Фарэрскія выспы – 0 (3).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by