Шакаладка для лекара



У Віцебску ёсць шмат валанцёраў, якія займаюцца самай разнастайнай працай: нехта шые адзенне для лекараў, нехта гатуе для іх гарачыя абеды. А калі ты просты чалавек, не прадпрымальнік і не камерсант з вялікімі сродкамі, то можаш проста перадаць медыкам шакаладку ці пачак кавы.

Пакуль гараджане трымаюць рэжым самаізаляцыі, радзей ходзяць у крамы і практычна не карыстаюцца паслугамі салонаў прыгажосці, касметолаг Інга Багінская аддала фае перад сваім кабінетам пад склад для збору рэчаў і прадуктаў для віцебскіх лекараў:

– У мяне зараз прастойвае касметалогія – зусім няма кліентаў. І таму я аддала пад склад памяшканне, фае каля касметалагічнага кабінета. Каб людзі прыносілі для медыкаў, якія працуюць круглыя суткі і не маюць магчымасці выйсці,  каву, гарбату, печыва. Каб па трошкі збіраць для іх, што неабходна.

На склад, або як яго называюць па-сучаснаму “хаб” прывозяць і спанбонд – тканіну для камбінезонаў, шапачак, нарукаўнікаў для медыкаў. Інга Багінская – не толькі  касметолаг з вялікім стажам і досведам. Яна – уладальніца  арт-цэнтру  VZAP, дзе праводзяцца разнастайныя культурніцкія  і адукацыйныя імпрэзы. Зараз яны пад забаронай, таму Інга Багінская аддала памяшканні пад “раскройны цэх”: тут выкройваюць дэталі медычнага адзення, а потым перадаюць краўчыхам. Заробку, на які можна было б існаваць, Інга Багінская не мае ні на адным, ні на другім працоўным месцы. Яна, як і тысячы беларускіх прадпрымальнікаў, застаецца ў чаканні зніжак на падаткі і адтэрміноўкі плацяжоў за арэнду. Пакуль спрыяння з боку дзяржавы няма.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя