Гарадзенская “Цудоўня”: кнігі на тэст-драйве



Гарадзенская “Цудоўня” апроч продажу этнарэчаў і вырабаў народных майстроў займаецца продажам беларускай літаратуры незалежных выдавецтваў. Каб зацікавіць гарадзенцаў беларускай літаратурай прадстаўнікі “Цудоўні” прыдумалі так званы “тэст-драйв кніжных палічак”.

Пра гэты “тэст-драйв” распавядае яго ініцыятар, прадстаўніца “Цудоўні” Алена Клімава:

– Мы прапаноўваем людзям азнаёміцца з нашымі кнігамі да таго, як яны ўклалі ў іх нейкія свае грошы. Таму што нашыя меркаванні магчыма не зусім аўтарытэтныя, нягледзячы на тое, што мы дастаткова кампетентныя ў гэтым пытанні. Таму прапануем браць кнігі на тры дні, калі змест кніг ім спадабаецца, яны могуць укласці ў іх грошы, і пайсці ўжо з пакупкай дахаты.

Калі кніжка не спадабалася, кажа Алена Клімава, – яе можна вярнуць, і тады яна з’явіцца на палічках “Цудоўні” ўжо са зніжкай.

– Калі не, яны могуць заставіць кнігу ў нас, патлумачыць нам, што ім не спадабалася, можа змест, можа нейкія героі, можа сам аўтар. Кніга, якая пабывала на тэст-драйве потым становіцца зноў на продаж, але ўжо з 30-ці адсоткавай зніжкай.

На паліцах “Цудоўні” ужо некалькі год можна знайсці кнігі беларускіх выдавецтваў, якія не прадаюцца ў гарадзенскіх кнігарнях, а таксама тут магчыма набыць часопісы “Наша Гісторыя”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча.