30 кілаграмаў выкідаў свінцу ў год
Да 30 кілаграмаў выкідаў свінцу ў год можа адбывацца ў выпадку запуску акумулятарнага завода бліз Берасця. Такія лічбы агучылі прадстаўнікі шкоднай вытворчасці «АйПауэр».
Раней меркавалася, што выкіды будуць складаць прыкладна 3 кілаграмы на год, лічба вырасла амаль у дзесяць разоў пасля таго, як праект быў дапрацаваны, – распавёў праваабаронца Раман Кісляк:
– Гэта цікавы каментар прадстаўнікоў «АйПауэр», яны адначасова заяўляюць, што гэта максімальна магчымыя выкіды, дапусцім 29 кілаграм яны казалі. У той жа час яны кажуць, што гэта немагчымы сцэнар. То бок, як адначасова можа быць максімальна магчыма і немагчыма? Такая супярэчная дваістая пазіцыя сведчыць пра тое, што «АйПауэр» прадастаўляе недакладную, па маім меркаванні, інфармацыю.
Як адзначыў Раман Кісляк, пазіцыя берасцейцаў палягае ў тым, што без залежнасці ад таго, колькі будзе выкідаў свінцу і іншых шкодных рэчываў, завод працаваць не павінен.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце