Памерла сябра Рады БНР Паўліна Сурвіла
На 57-м годзе жыцця ад цяжкай хваробы памерла Паўліна Сурвіла, сябра Рады БНР, перадае «Радыё Свабода».
Паўліна (поўнае імя – Паўліна Марыя) Сурвіла нарадзілася 2 лютага 1964 г. у Мадрыдзе, дзе ў той час яе бацькі – Івонка (Шыманец) і Янка Сурвіла рабілі беларускія праграмы на Гішпанскім радыё.
Паўліна Сурвіла была выканаўчым дырэктарам Цэнтра беларускіх даследаванняў у Канзасе, першай акадэмічнай установы ў ЗША, якая займаецца вывучэннем выключна Беларусі. Пры спрыянні Цэнтра некалькі беларускіх навукоўцаў прайшлі стажыроўкі ў ЗША.
Паўліне Сурвіле ўдалося прыцягнуць да супрацоўніцтва шматлікіх вядомых асобаў, у тым ліку і з Беларусі, як, напрыклад, былога старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.
Паўліна Сурвіла арганізавала дзясяткі навуковых канферэнцыяў, семінараў, лекцый, прысвечаных гісторыі і сучаснасці Беларусі, а таксама – яе будучыні. Паўліна заахвочвала навукоўцаў, палітыкаў, творцаў дапамагаць Беларусі рабіцца дэмакратычнай сучаснай краінай. Паўліна Сурвіла была сябрам Рады БНР і шмат рабіла для аб’яднання беларускай дыяспары на паўночна-амерыканскім кантыненце.
Беларускае Радыё Рацыя