Жыццё пражыць…



Берасцейшчына. Tut.by распавёў цікавую гісторыю 78-гадовай жанчыны. Вера Васільеўна ў сваім паважным узросце можа спакойна сесці ў трактар ды поле ўзараць, а таксама – падаіць карову, заняцца расадай, спячы хлеб, дапамагчы дзецям і ўнукам… 15-га свайго поля – гэта вам не жартачкі! Фермерства – справа сур’ёзная!

На Гарадзеншчыне знойдзецца не менш такіх актыўных спадарыняў, пра якіх згадаеш – душа радуецца! Возьмем нашу Марыю Сямёнаўну, якой хутка будзе 85, а яна яшчэ і па гаспадарцы рупіцца, і ўколы ды кропельніцы зрабіць можа. Медыцына для бабы Марыі не пусты гук – справа жыцця.

“Дай Бог дажыць на сваіх нагах і ў сваёй хаце!” – так кажуць многія нашы пажылыя вяскоўцы… Мудрыя людзі дадаюць: “Пры сваім розуме!” Бо ў такім выпадку і табе добра будзе, і тваім родным… Сыдзеш своечасова – пакінеш блізкім па сабе светлы сум і добрую памяць, жаданне пражыць жыццё не менш годна. Людзі-маякі – гэта важна.

Вясновая вёска жыве сваім жыццём. Тым часам дзесьці там, у інтэрнэтах, ідуць размовы пра знікненне з эфіру і магчымую смерць аднаго азіяцкага – даволі маладога – дыктатара. Прагрэсіўны свет застыў у чаканні навінаў і надзеі на лепшае, падданыя сядзяць ціха, як мышы пад венікам… Дзе ты падзеўся, шаноўны таварыш Кім? Што здарылася, дарагі правадыр? Праз пэўны час стане ясна, а пакуль – спадзявайцеся, людзі, спадзявайцеся!

Жыццё працягваецца… І падкідае матэрыял для роздуму. Пра добрых людзей заўжды памятаеш. Харошых не хочаш губляць. Радуешся сустрэчы незалежна ад таго, хто гэта – пазітыўная бабуля-суседка або Стывен Хокінг у свежым матэрыяле ББС з новай інфармацыяй пра чорныя дзюркі і касмічныя загадкі. Хокінга не хапае. У адрозненне ад пафасных палітыкаў – піянераў і пенсіянераў.      

Беларускае Радыё РАЦЫЯ