Японія закрыла ўезд для грамадзян Беларусі



Японія закрыла ўезд на сваю тэрыторыю для грамадзян яшчэ 14 краін, сярод іх і Беларусь. Пра гэта сёння на пасяджэнні аператыўнага штаба па барацьбе з COVID-19 заявіў прэм’ер-міністр краіны Сіндза Абэ, паведамляе Kyodo News.

Такія меры прымаюцца для зніжэння рызыкі завозу каронавіруса з-за мяжы. Раней забарона ўезду была ўведзена ў дачыненні да 63 краін з актыўным распаўсюджваннем каранавіруса, уключаючы Кітай, Паўднёвую Карэю, ЗША і еўрапейскія дзяржавы.

Цяпер у дадзеным спісе 87 краін. Сёння ў яго ўвайшлі Беларусь, Расея, Украіна, Саудаўская Аравія, ААЭ, Кувейт, Аман, Катар, Перу, Дамініканская Рэспубліка, Барбадас, Антыгуа і Барбуда, Джыбуці, Сэнт-Кітс і Нэвіс. У дачыненні да іх абмежаванні пачнуць дзейнічаць 29 красавіка.

Усе неграмадзяне Японіі, якія на працягу двух папярэдніх тыдняў пабывалі ў адной з гэтых краін, не атрымаюць дазволу перасекчы японскую мяжу.

Для замежнікаў з астатніх краін, якія не ўваходзяць у „чорны спіс”, да канца мая падоўжана прыпыненне дзеяння віз. У той жа час усе прыбываючыя на радзіму японцы павінны прайсці тэст на каранавірус і правесці 14 дзён у самаізаляцыі.

У Японіі, па дадзеных СААЗ, зарэгістравана 13 182 выпадкі COVID-19, з іх 353 за апошнія суткі. Насельніцтва Японіі складае каля 126 млн. У Беларусі, з насельніцтвам менш 9,5 млн чалавек, зарэгістравана (па ўчорашніх дадзеных) 10 463 выпадкі каранавіруса.

zviazda.by

Фота РБК