„Іслач” абыграла „Віцебск” у чэмпіянаце Беларусі



У апошнім матчы 6-га тура чэмпіянату Беларусі футбалісты „Іслачы” выйгралі ў „Віцебска” з лікам 2:0.

На працягу ўсёй гульні на полі футбольнага клуба „Мінск” падначаленыя Віталя Жукоўскага мелі перавагу і забілі па голу ў кожным тайме. На 37-й хвіліне сустрэчы Дзмітрый Камароўскі з пенальці адкрыў лік, а праз 10 хвілін пасля пачатку другога тайма Момо Янсанэ ўсталяваў канчатковы лік матчу.

Іван Бахар прызнаны найлепшым гульцом 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Паўабаронца менскага „Дынама” Іван Бахар прызнаны найлепшым гульцом 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”, паведамляе БЕЛТА. У пераможнай гасцявой сустрэчы з футбалістамі «Смалявічаў» ён быў адным з самых актыўных гульцоў у складзе дынамаўскага клуба. На 7-й хвіліне 21-гадовы хаўбек адкрыў лік, а затым зарабіў пенальці, пасля якога Яўген Шыкаўка падвоіў вынік. У папярэднім туры лепшым гульцом стаў галкіпер „Слуцка” Дзяніс Панкратаў.

Пяскоў: «Не думаю, што Пуцін глядзіць чэмпіянат Беларусі»

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў распавёў у інтэрв’ю выданню «Аргументы і факты», ці цікавяць Уладзіміра Пуціна матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. «Я не думаю, наўрад ці … Усё ж такі ён аддае прыярытэт уласным спартовым заняткам. Акрамя таго, вы ведаеце, што ён любіць чытаць, напрыклад, гістарычныя кнігі», – сказаў Пяскоў. Нагадаю, што чэмпіянат Беларусі па футболе застаецца адзіным турнірам у Еўропе, які не прыпынены з-за пандэміі каронавіруса. Больш за тое, матчы праходзяць з гледачамі.

Спаборніцтвы ў штурханні ядра пройдуць у Беларусі 30 красавіка

Спаборніцтвы ў штурханні ядра запланаваны ў Беларусі на 30 красавіка, іх анлайн-трансляцыя пачнецца ў 18.00, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. „Сённяшняя сітуацыя, выкліканая пандэміяй COVID-19, паўплывала не толькі на каляндар, але і на трэніравальны працэс у многіх краінах. У беларускіх лёгкаатлетаў ёсць магчымасць працягваць сваю падрыхтоўку і, вядома, яны ёю скарыстаюцца. 30 красавіка ў 18.00 адбудуцца першыя ў краіне афіцыйныя спаборніцтвы па штурханні ядра ў рэжыме анлайн”, – адзначылі ў прэс-службе. Спаборніцтва будуць прадстаўляць сабой дзве дуэлі, у якіх прымуць удзел вядучыя штурхальнікі ядра Беларусі ў розных узроставых катэгорыях. У кожнага з удзельнікаў ёсць права на выкананне шасці спробаў, па выніках якіх будзе вызначаны пераможца ў кожнай з пар. Пройдуць спаборніцтвы ў месцах трэніровак лёгкаатлетаў – у Віцебску і Берасці. За выступамі спартоўцаў можна будзе назіраць на YouTube-канале БФЛА AthleticsBY.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mlyn.by