Пра непаслядоўнае Міністэрства адукацыі
Не ведаю, ці ікаецца міністру адукацыі Карпенку, але, думаю, яго ўзгадваюць апошнім часам бацькі пастаянна. Прычым узгадваюць не самым лепшым чынам. Раней, калі хтосьці не ведаў, хто такі Ігар Карпенка, то цяпер дакладна ведае. Бо апошнім часам Міністэрства адукацыі ўзгадваецца так жа часта, як і Міністэрства аховы здароўя. Можа, яны канкуруюць, пра каго болей напішуць.
Пандэмія каронавірусу паказала, наколькі несамастойныя ў прыняцці рашэнняў нашыя міністэрствы. Быць ці не быць каранціну, вырашаюць зусім не мінадукацыі ці мінздароўя. І вось гэтае пастаяннае азіранне назад прыводзіць да суцэльнай блытаніны. Паглядзім на Міністэрства адукацыі. Спачатку доўга адмаўляліся раней пачаць канікулы, потым усё-такі троху раней пачалі, потым сказалі, што пасля канікул можна не вадзіць дзіця ў школу, потым працягнулі канікулы, потым канікулы ўсё ж такі скончылі, але сказазалі, што наведванне школы – па жаданні бацькоў, а потым сказалі ўсім прыйсці ў школы. Карацей, бедныя бацькі ніколі не ведаюць, якім будзе наступны крок Міністэрства адукацыі. Такое адчуванне, што паводзіны мінадукацыі залежаць ад таго, з якой нагі ўстане Ігар Карпенка. У любым разе, не самае папулярнае рашэнне атэстоўваць суміруючы ацэнкі за тры чвэрці і падзяліўшы на чатары. Народ гэта ўспрыняў адназначна: за чацвёртую чвэрць дзеці, якія праз пандэмію сядзяць дома, атрымаюц нулі. Хаця раней пра гэта слова ніхто не казаў. Цікава, якім будзе наступнае рашэнне Міністэрства адукацыі.