Аляксандр Зімін: Збіраю грошы на новы інструмент, каб данесці музыку гарадзенцам



Гарадзенскі вулічны музыка Аляксандр Зімін стварыў на пляцоўцы МолаМола кампанію пад назваю «Grodno Hang Drum». 

У чым адметнасць гэтага праекта распавядае Аляксандр Зімін:

– У мяне паўстала пытанне аб працы. У якасці працы, у якасці асноўнай дзейнасці была абраная вулічная музыка. Быў абраны ўнікальны для нашага рэгіёну інструмент, аналагаў якому няма. Інструмент называецца хэндпан. Тры гады праект існаваў у пачатковых рамках, але з цягам часу спыніўся ў развіцці. І стала зразумела, што трэба неяк яго развіваць, таму што не было творчага развіцця ў мяне як у выканаўцы, не было чагосьці новага для слухача, для канчатковага спажыўца.

Аляксандр Зімін заўважае, што з другім інструментам ён данясе шмат цікавай музыкі гарадзенцам:

– Натуральным шляхам развіцця было набыццё другога інструмента, каб можна было граць адначасова на двух. Адпаведна пашырыць базу, пашырыць варыянты выканаўчых кампазіцый, пашырыць гучанне. То бок стаць для слухача больш цікавым, адпаведна працягнуць сваё творчае развіццё як выканаўцы, як аўтара праекта.

Музыка заўважае, што зараз для вулічных выступоўцаў наступілі цяжкія часы і ён амаль нічога не зарабляе. Аляксандр Зімін чакае, калі скончыцца эпідэмія ў Беларусі і можна будзе прадставіць гарадзенцам свае новыя творы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com