Пайшоў з жыцця паэт Гарадоцкай зямлі Анатоль Парэмбскі
28 красавіка на 93-м годзе жыцця адыйшоў ад нас песняр Гарадоцкай зямлі, паэт Анатоль Парэмбскі.
Вершы Анатоль Парэмбскі пісаў з самага маленства, яго літаратурны дэбют у „Піянеры Беларусі” супаў з пачаткам вайны Савецкага Саюзу з гітлераўскай Нямеччынай. “Гэта быў вельмі разумны чалавек, свойскі філосаф, земляроб з душой паэта,” – так пра Анатоля Парэмбскага кажа журналіст тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” Міра Лукша.
– Ён ужо не атрымаў свайго верша, які быў надрукаваны ў “Піянеры Беларусі”. Гадоў 15 таму прыслаў у “Ніву” свае вершы, якія пачалі друкавацца ў нас. Заўсёды прымаў удзел у літаратурных конкурсах, прыходзіў заўсёды на розныя мерапрыемствы, якія ладзіў Гарадоцкі цэнтр культуры, Дом культуры імя Каліноўскага. Напісаў успаміны, якія мабыць мы надрукуем. Ён цяжка хварэў, але заўсёды яго галава была светлая. Гэта быў вельмі разумны чалавек, такі свойскі філосафам. Земляроб, які заўсёды цягнуўся да культуры, які заўсёды прымаў у ёй удзел.
Пахаваюць Анатоля Парэмбскага 29 красавіка на праваслаўных могілках у Гарадку, раней, у 8.30, у мясцовай царкве пройдзе развітанне.
Анатоль Парэмбскі – аўтар трох зборнікаў вершаў пра любоў да Гарадцкай зямлі і да беларускага слова – “Хвалі лёсу” выйшлі ў 2008 годзе, “Мы тут былі і будзям”- 2010 годзе і “Воблакі і промні” ў 2014 годзе.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя