У Аўстрыі з 1 мая адменяць рэжым самаізаляцыі



Абмежаванні на выхад з дому з-за пагрозы каронавірусу ў Аўстрыі з 1 мая будуць знятыя. Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аўстрыі Рудольф Аншобер, перадае РБК са спасылкай на APA.

Патрабаванне да захавання сацыяльнай дыстанцыі ў метр паміж людзьмі ў публічнай прасторы, паводле яго слоў, застанецца ў сіле, як і забарона на сходы больш за дзесяць чалавек. Міністр унутраных спраў Карл Нехамер удакладніў, што зроблена выключэнне для пахавання, у якім змогуць прыняць удзел да 30 чалавек. Для дэманстрацый і мітынгаў будзе створана асобная прававая база, якая ўрэгулюе дазволеную колькасць удзельнікаў.

Агенцтва ўдакладняе, што рэстараны ў Аўстрыі адкрыюць з 15 мая, гатэлі – з 29 мая. Чакаецца, што ў рэстаране за адным сталом дазволяць максімум чацвярым дарослым, а таксама звыш таго чысла – іх дзецям. «Сацыяльная дыстанцыя» не распаўсюджваецца на наведвальнікаў кафэ, але персанал абавяжуць насіць маскі.

Надзвычайныя меры для барацьбы з распаўсюджваннем каронавірусу пачалі дзейнічаць у краіне з 16 сакавіка. 6 красавіка канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц заявіў аб паступовым паслабленні каранцінных мер. Ён адзначыў, што гэта стала магчыма таму, што Аўстрыя эфектыўна і хутка адрэагавала на пагрозу каронавірусу. Такім чынам, Аўстрыя стала першай еўрапейскай дзяржавай, якая прадставіла план паступовага зняцця каранцінных мер.

Па апошніх дадзеных Міністэрства сацыяльных спраў Аўстрыі, у краіне выявілі 15 256 захварэлых каронавірусам. Памерлі 549 пацыентаў.

zviazda.by