Алена Анісім: Манапалісты не хочуць кагосьці дапускаць



Старшыня ТБМ Алена Анісім распавяла, чаму так марудна ідзе працэс стварэння беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.

Алена Анісім: Мы будзем праводзіць далейшую працу па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэту, але тыя адказы, што нам прыходзяць ад розных метадычных аб’яднанняў, сведчаць пра тое, што дзяржаўныя ўніверсітэты займаюць адназначную пазіцыю. Маўляў, яны – манапалісты, якія не хочуць і не збіраюцца кагосьці дапускаць на гэтае поле дзейнасці.

Напрыклад, прыйшоў адказ, у якім сказана, што ў краіне ўжо ёсць установы, дзе рыхтуюць музейных работнікаў. Але ж мы маем факты, калі людзі прыязджаюць у музей, хочуць паслухаць экскурсію на мове, але супрацоўнікі музею яе элементарна не ведаюць.

Просты прыклад – у музеі Берасцейскай крэпасці наведнікі не знайшлі беларускамоўных работнікаў. Так што не ўсе ВНУ рыхтуюць спецыялістаў з веданнем роднай мовы, і гэта на сёння праблема.

РР: Наколькі вядома, вы таксама даслалі лісты ў Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства культуры адносна таго, як у краіне праходзяць Дні беларускага пісьменства.

Алена Анісім: Так, бо сітуацыя таксама даходзіць да абсурду. У Бялынічах зараз павінны праходзіць такія дні, але паступае інфармацыя, што ў музеі Бялыніцкага-Бірулі абнаўленне экспазіцый адбываецца на рускай мове. Такія факты наагул дыскрэдытуюць саму ідэю правядзення Дзён беларускага пісьменства.

Таму, нягледзячы на тое, што зараз няпросты час у сувязі з эпідэміяй каронавіруса, рукі мы не апускаем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя