Ірына Вештард: У Беларусі жорсткі каранцін немагчымы



Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард выказала сваё стаўленне да ўвядзення ў краіне жорсткага каранціна.

Ірына Вештард: Калі казаць пра каранцін, то тут мне складана даваць нейкія адназначныя парады і ацэнкі. Каб гэта рабіць, трэба ведаць рэальную сітуацыю ў краіне. А я не на сто адсоткаў упэўнена, што ўлады ці Міністэрства аховы здароўя даюць сапраўдную праўдзівую карціну.

Акрамя таго, трэба разумець, што беларускую эканоміку нельга параўноўваць з амерыканскай ці нямецкай. Калі ўвесці жорсткі каранцін, то дзяржава павінна несці і адказнасць за людзей, а нашы ўлады на гэта не пагаджаюцца. Магчыма, жорсткі каранцін дае свае вынікі, але ў нашых умовах, як мне падаецца, такі варыянт проста немагчымы.

РР: А як вы самі засцерагаецеся ад інфекцыі ў такі няпросты час?

Ірына Вештард: Па-першае, стараюся як мага менш карыстацца грамадскім транспартам, бо ніхто не ведае, якія людзі едуць побач з табой. Шматлікія ж ходзяць па вуліцах і нават не ведаюць, што хворыя. Па-другое, у крамы заходжу толькі ў такі час, калі менш за ўсё людзей.

Натуральна, дома выконваю ўсе правілы гігіены. Адзенне, калі прыходжу з вуліцы, захоўваю асобна, часам праціраю чаравікі, праветрываю памяшканне. Адным словам, небяспеку я ацэньваю рэалістычна. Як кажуць, беражонага Бог беражэ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя