Ці скасуе Аляксандр Лукашэнка парад Перамогі?



Нягледзячы на тэмпы распаўсюда covid-19 у Беларусі, якая, паводле афіцыйных дадзеных, ужо ўваходзіць у 30-ку краінаў свету па колькасці інфікаваных, працягваецца падрыхтоўка да правядзення вайсковага параду на 9-га траўня. Рэпетыцыі і сам парад прыпадаюць на пік захворванняў. Здаецца, самым рацыянальным крокам на гэтым фоне меўся б быць перанос масавага мерапрыемства, каб пазбегнуць далейшага распаўсюду хваробы. І ніякія аргументы наконт важнасці круглай даты (75-годдзе з моманту Перамогі) і побач не павінны стаяць з пагрозай здароўю і жыццю людзей. Вельмі сумнеўнымі выглядаюць таксама выказванні прыхільнікаў параду наконт таго, што па значнасці ён не саступае знакамітаму параду на 7 лістапада ў 1941 годзе, калі савецкае кіраўніцтва правяло дэманстрацыю мужнасці, хоць вораг стаяў літаральна на подступах да Масквы і варожая авіяцыя магла ў любы момант нанесці сакрушальны ўдар. У 2020 годзе, здаецца, сучасная Беларусь ні з кім не ваюе, таму патрэбы ва ўздыме воінскага духу любымі сродкамі няма ніякай. Вораг, з якім сутыкнулася чалавецтва ў апошнія месяцы, не падобны на нацыстоўскую вайсковую машыну. Яго немагчыма ўбачыць у вайсковы бінокль альбо спыніць кулямётнай чаргой.

Кіраўніцтва Беларусі ў рашэнні праводзіць парад на 9 траўня, відавочна, ідзе супраць настрояў у грамадстве. Адна з петыцый супраць параду набрала больш за 7 тысячаў падпісантаў, але меркаванне грамадзянаў пакінулі ў баку. У адказе Міністра абароны Беларусі зазначаецца, што неабходнасці ў пераносе параду няма, паколькі ў Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя пад кантролем. А раз так, то марш жаўнераў у параднай форме адбудзецца пры любым раскладзе. Тое, што Аляксандр Лукашэнка пайшоў супраць волі многіх грамадзянаў, — гэта не навіна. У сваёй палітычнай кар’еры ён даволі часта прымаў рашэнні, якія выклікалі непрыманне грамадства. Узгадайма хаця б адыёзны Дэкрэт “Аб дармаедах”.

Навошта ж улады Беларусі ігнаруюць небяспеку каронавіруса і ўпарта працягваюць падрыхтоўку да параду? Самым відавочным адказам на гэтае пытанне з’яўляецца пазіцыя кіраўніка дзяржавы, які, гледзячы па ўсім, сам перакананы, што каронавірус — гэта фейк планетарнага маштабу. Па сутнасці, уся дзяржаўная машына працуе згодна волі шэфа, які дае імпульс на адмаўленне каронавіруснай пагрозы. А чынавенскі апарат і сілавы блок, хоць і ўсведамляе небяспеку, звыкла бярэ пад брылёк. Адмова пераносу параду звязаная ў пэўнай ступені з асаблівасцямі асобы Аляксандра Лукашэнкі, які не ўмее прызнаваць свае памылкі. Паўтараецца гісторыя нашумелага Дэкрэту “Аб дармаедах”, калі ўлада была вымушаная пайсці на саступкі толькі ў выніку шматлікіх акцый пратэсту. І тое, нягледзячы на непапулярнасць ідэі аб увядзенні падатку на беспрацоўных, беларусы так і не дачакаліся ад аўтара нарматыўнага акту прызнанняў у памылцы.

Акрамя асабістых матываў, якія не дазваляюць Аляксандру Лукашэнку перанесці парад, прысутнічае таксама і палітычная воля. Як бы гэта не падавалася дзіўным, але кіраўнік Беларусі атрымае падтрымку свайго пачынання ў пэўных колах. Прынамсі, сярод расейскага насельніцтва, якое стамілася ад рэалій свайго недакаранціна (увядзенне забаронаў пры адсутнасці дзяржаўнай падтрымцы) і шчыра кляне Крэмль. На гэтым фоне “гаспадар” Лукашэнка, які выступае за захаванне звычайнага рытму працы эканомікі ды яшчэ не баіцца “віруса”, атрымлівае бонусы ў вачах шараговага расейца. Відовішчны парад Перамогі ў Менску на фоне скасавання аналагічнай падзеі ў Маскве — гэта асаблівы шчаўчок па носе Пуціну за нафта-газавы шантаж і інтэграцыйны ціск у канцы 2019 года.

Аднак выглядае на тое, што беларускі кіраўнік усё-такі пайшоў бы на скасаванне параду, каб не адна акалічнасць: гэты парад праводзіцца ў выбарчы год. Калі ў выпадку Пуціна гаворка ідзе пра скасаванне, хоць і важнага, але шараговага прапагандысцкага шоў, то ў сітуацыі Лукашэнкі гаворка ідзе пра адно з ключавых мерапрыемстваў з ланцуга падзей палітычнага піару ў 2020 годзе. Таму параду, хутчэй за ўсё, быць пры любым раскладзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ