Тавараабарот Беларусі з ЕЗ скараціўся больш чым на 16%



Тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвязу ў студзені-лютым 2020 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2019-га знізіўся на 16,2% да 1 млрд 663,2 млн даляраў, сведчаць дадзеныя Белстата.

Экспарт тавараў у ЕЗ скараціўся на 28,5% да 751,8 млн даляраў, імпарт знізіўся на 2,3% да 911,4 млн (-1,8%). Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў студзені–лютым 2020 года склала 159,6 млн даляраў.

З агульнага аб’ёму беларускага экспарту ў студзені–лютым бягучага года на долю краін ЕАЭС прыпадала 50,6% (у студзені–лютым 2019-га – 40,9%), Расеі – 47,7% (38,4%), ЕЗ– 17,6% (21%), астатніх краін – 31,8% (38,1%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 49,5% агульнага абʼёму імпарту (у студзені–лютым 2019 года – 58,2%), з Расеі – 49% (57,9%), ЕЗ – 19,1% (16,9%), астатніх краін – 31,4% (24,9%).

За два месяцы 2020 года зарэгістраваныя абʼёмы экспартна-імпартных аперацый са 178 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 150 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 155 краін.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі былі Расея (48,4% усяго абʼёму тавараабароту), Украіна (7,9%), Кітай (7,3%), Польшча (4,1%), Германія (3,5%), Літва (2,1%), Нідэрланды (1,9%), Вялікабрытанія і Турцыя (па 1,5%), Казахстан (1,4%), Італія (1,1%), Індыя (1%).

Тавараабарот з Расеяй па выніках двух месяцаў 2020 года склаў 4 млрд 379,8 млн даляраў, што на 14,4% менш, чым за студзень–люты 2019 года, у тым ліку экспарт – 2 млрд 42,8 млн долараў ЗША (+6,4%), імпарт – 2 млрд 337 млн (-26,9%).

У Вялікабрытанію экспартавана тавараў на 117,4 млн даляраў (-75,8%), імпартавана – на 22,8 млн (-46,4%). Тавараабарот знізіўся на 75,4% да 68,4 млн даляраў.

Тавараабарот з Украінай склаў 717,5 млн даляраў (0,7%), у тым ліку экспарт – 479,2 млн (-3,8%), імпарт – 238,3 млн даляраў (+11,2%).

У Нідэрланды экспартавана тавараў на 104,5 млн даляраў (-37,2%), імпартавана – на 66,7 млн (+14,7%). Тавараабарот знізіўся на 23,8% да 171,2 млн даляраў.

Тавараабарот з Германіяй паменшыўся на 28,8% да 314,9 млн даляраў. Экспарт упаў да 96,4 млн даляраў (-55,6%), імпарт – да 218,5 млн (-3,1%).

Экспарт у Літву знізіўся да 145,5 млн даляраў (-24,6%), імпарт – да 40,2 млн (-37,6%). У цэлым тавараабарот паменшыўся на 27,9% да 185,7 млн даляраў.

У Кітай экспартавана тавараў на 59 млн даляраў (-59,4%), імпартавана з Кітая – на 599,3 млн (+10,3%). Тавараабарот склаў 658,3 млн даляраў (-4,4%).

Тавараабарот з Польшчай знізіўся на 5,8% да 370,8 млн даляраў. Экспарт склаў 189,6 млн даляраў (-17,4%), імпарт – 181,2 млн (+10,5%).

У Латвію экспарт склаў 39,2 млн даляраў (-29,5%), імпарт – 13,2 млн (+4,2%), тавараабарот – 52,4 млн (-23,2%).

Таваразварот з Італіяй знізіўся на 22,9% да 103 млн даляраў. Экспарт склаў 12,5 млн даляраў (-23,9%), імпарт – 90,6 млн (-22,7%).

Экспарт у ЗША склаў 26,4 млн даляраў (-35%), імпарт – 55,2 млн (-20,5%). Тавараабарот знізіўся на 25,8% да 81,7 млн даляраў.

Тавараабарот з Францыяй склаў 58,6 млн даляраў (+0,6%), экспарт – 14 млн (+ 19,2%), імпарт – 44,5 млн (-4,1%).

Экспарт у Турцыю вырас да 30,6 млн даляраў (+34,7%), імпарт – знізіўся да 106,5 млн (-2,2%). У цэлым тавараабарот склаў 137,1 млн даляраў (4,2%).

Да 2017 года тавараабарот Беларусі з ЕЗ скарачаўся на працягу больш чым трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён паменшыўся на 22,3% да 11 млрд 175,7 млн даляраў, у 2015 годзе зніжэнне склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У 2017 годзе тавараабарот вырас на 30%, у 2018-м – на 19,6% да 17 млрд 331,9 млн даляраў, у 2019 годзе ў параўнанні 2018-м – знізіўся на 9% да 15 млрд 660 мільёнаў даляраў.

БелаПАН