Андрэй Дзмітрыеў: Усё будзе залежыць ад сітуацыі



Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавёў пра тое, якім чынам у іх зараз ідзе падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў.

Андрэй Дзмітрыеў: У нас усё было падрыхтавана для таго, каб пачаць кампанію, але замест гэтага мы запусцілі марафон “Давер без кароны”, які накіраваны на дапамогу медыкам у сёняшняй сітуацыі. Шыем дома маскі, якія затым перадаем урачам, арганізоўваем для іх харчаванне…

Робім тое, што можам у гэтых умовах і для людзей, і для медыкаў. І гэта самае галоўнае, хаця насамрэч і аддаляе нас ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Мне падаецца, што казаць пра яе зараз крыху неактуальна.

З іншага боку, дзякуючы нашаму марафону, у арганізацыю прыйшлі людзі з новых рэгіёнаў. Мы запускаем розныя петыцыі, шмат людзей падпісваюцца, а гэта значыць, што з’яўляюцца новыя магчымасці для кантактаў з людзьмі падчас будучай выбарчай кампаніі.

РР: Калі будзеце стартаваць у выбарчай кампаніі?

Андрэй Дзмітрыеў: Калі ўбачым, што прыйшоў час казаць пра гэта.

РР: Ужо вызначыліся з кандыдатамі ад “Гавары праўду”?

Андрэй Дзмітрыеў: Вызначыліся, але пакуль прозвішчы таксама не агучваем. Не час яшчэ. Вы ж бачыце, як сітуацыя змяняецца, і пакуль, як ужо казаў, грамадству не да выбараў.

Не так даўно Міністэрства аховы здароўя рапартавала ледзь не пра лепшую ў свеце беларускую медыцынскую сістэму, а сёння мы бачым, што афіцыйна амаль па 900 чалавек штодзень новых хворых на каронавірус. Хаця, магчыма, і гэтыя лічбы далёкія ад рэльнасці, усё значна горш.

Таму мы будзем прымаць рашэнне аб старце прэзідэнцкай кампаніі ў нейкі канкрэтны момант, а адштурхоўвацца будзем ад агульнай сітуацыі ў краіне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя