Цімафей Дранчук: У папраўчых установах вірус можа распаўсюдзіцца хутка



Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускага камітэту ў абарону зняволеных “Над бар’ерам” кажа пра тое, якія ўмовы павінны быць сёння створаны ў папраўчых установах для вязняў.

Цімафей Дранчук: Мяркую, што сітуацыя з каронавірусам у калоніях павінна знаходзіцца на такім жа кантролі з боку медыкаў, як і на волі. Пры гэтым значна большая ўвагу патрэбна тым зняволеным, якія маюць сімптомы захворванняў.

Адміністрацыя папраўчых устаноў павінна на такія факты глядзець не “скрозь пальцы” па прынцыпе “пакашляе і паправіцца”, а з усёй адказнасцю. Бо ў такой сітуацыі, як кажуць, сёння нехта можа захварэць сярод зняволеных, а заўтра інфекцыя перакінецца і на адміністрацыю.

РР: Каронавірус не дзеліць людзей на асобныя групы і нікому не дае прывілеі.

Цімафей Дранчук: Натуральна, таму сярод вязняў павінны рабіць тэсты і неабходныя захады па ізаляцыі, калі ёсць неабходнасць. Хаця папраўчая ўстанова – гэта ўжо сама па сабе ізаляваная ад грамадства прастора.

Але, паўтаруся, калі вірус патрапіць у калонію, то там ён можа распаўсюдзіцца вельмі хутка, калі не прыняць дзеля гэтага папярэднія меры. Гэта справа некалькіх дзён.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя