COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Партугалія ўступае ў трэцюю фазу змагання з каранавірусам, скасоўваючы частку строгіх захадаў. Фінляндыя рыхтуецца аднавіць працу школаў, да падобнага імкнуцца і ў Швейцарыі. Пра што піша сусветная прэса ў чацвер у сувязі з каранавірусам — распавядае ў сваім аглядзе Кастусь Багушэвіч.
ПС: Фінляндыя рыхтуецца аднавіць працу школаў, якая была прыпыненая з-за эпідэміі COVID19. Пра гэта напярэдадні па фінскім тэлебачанні заявіла Санна Марын, прэм’ер-міністарка краіны. Школы адчыняцца зноў 14 траўня, але размова ідзе пра першыя 9 класаў, усе навучэнцы старэйшай школы працягнуць вучыцца дыстанцыйна. Пры гэтым расцягваць навучальную чвэрць на чэрвень фіны не збіраюцца. Чвэрць проста будзе скарочаная, тым больш дзеці вучыліся і да таго, толькі дыстанцыйна. Фінскі ўрад адмяніў усе святкаванні канца навучальнага года.
Урад Швейцарыі заявіў пра хуткі пачатак другога этапу паслаблення каранціну. Ён пачнецца 11 траўня. Раней планавалася, што ў гэты дзень запрацуюць пачатковыя школы, крамы і рынкі, але цяпер у пералік дададзены і рэстараны, музеі і бібліятэкі, адновіцца ранейшая інтэнсіўнасць руху грамадскага транспарту. З гэтага дня дазвол на ўезд у краіну атрымаюць грамадзяне Швейцарыі і краін Еўразвязу. Першы этап змякчэння каранціну быў прыменены ў Швейцарыі 27-га красавіка, калі працу аднавілі цырульні, садовыя цэнтры і асобныя крамы.
А вось у Бразіліі, як піша кітайская агенцыя Сіньхуа, эпідэмія не спыняецца, а наадварот, развіваецца. За мінулыя суткі колькасць хворых узрасла на 7 тысяч чалавек, што паставіла антырэкорд. Лічбы назвалі ў Міністэрстве аховы здароўя Бразіліі. Цяпер у краіне інфікаваныя 78 162 чалавекі. 5 466 чалавек памерлі, смяротнасць ад каронавірусу ў краіне складае ўжо 7%. Амаль кожны трэці хворы пражывае ў штаце Сан-Паўлу.
Партугалію чакае рэзкае падзенне агульнай лічбы турыстаў за год, якое будзе меншым толькі за Іспанію з Італіяй, найбольш пацярпелыя ад каронавірусу. Адна з вядучых партугальскіх газет Jornal de Notícias піша пра магчымае падзенне на 40 адсоткаў. Журналісты спасылаюцца на эканамічнае даследаванне Оксфардскага ўніверсітэта, у якім паведамляецца, што Партугалія не далічыцца 7 мільёнаў турыстаў сёлета. Партугалію ў сумным рэйтынгу апярэджваюць толькі Іспанія, мінус 34 мільёны турыстаў і Італія, мінус 31 мільён. Пацерпіць моцна і партугальскі ВУП, які моцна прывязаны да турызму і даходаў ад яго. Лічбы базуюцца і на тым, што невядома, ці адновіць турызм хаця б частку свайго абарачэння да ліпеня ці, прынамсі, жніўня. У той жа час прэзідэнт Партугаліі Марсэлу Рыбэлу дэ Соўза абвясціў, што нацыянальны надзвычайны стан у краіне скончыцца апоўначы 2 траўня. Паводле словаў прэзідэнта, цяпер Партугалія ўступае ў трэцюю фазу змагання з каронавірусам, якая ўключае ў сябе адкрыццё ўстановаў малымі крокамі і кантроль над сітуацыяй па захворваннях. „Цяпер не час зачыняць і забараняць усё, але неабходна кантраляваць, што адбудзецца далей”. Далейшай, чацвёртай фазай стане поўная адмена каранцінных захадаў, аднак для гэтага трэба цалкам прааналізаваць наступствы трэцяй. Марсэлу Рыбэлу дэ Соўза падзякаваў партугальцам за разуменне неабходнасці і важнасці захадаў, якія былі прынятыя і выказаў надзею на тое, што Партугалія ніколі больш не вернецца да чагосьці падобнага, паведамляе Jornal de Notícias. Захады прызнаныя прэзідэнтам і ўрадам плённымі, яны дазволілі знізіць лічбы хворых…
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя