Жаночай зборнай Беларусі па біятлоне будуць кіраваць Рыжанкоў і Гесвайнар



У сюжэце на тэлеканале „Беларусь 1” анансавалі змены ў трэнерскім штабе жаночай зборнай Беларусі па біятлоне. Так, прадстаўніцамі краіны будуць кіраваць Алег Рыжанкоў і аўстрыйскі спецыяліст Райнхард Гесвайнер. Аўстрыйскі спецыяліст на працягу васьмі гадоў узначальваў зборную Аўстрыі па біятлоне. Мужчынскай камандай будуць кіраваць расейскі спецыяліст Андрэй Падзін і беларускі Раман Сінічэнка.

L’Equipe: „ПСЖ” прызнаны чэмпіёнам Францыі з-за датэрміновага завяршэння сезону

„ПСЖ” прызнаны чэмпіёнам Францыі з-за датэрміновага завяршэння сезону лігі 1, паведамляе намеснік галоўнага рэдактара L’Equipe Жаэль Даменігеці. На момант прыпынку чэмпіянату з-за каронавіруса парыжане лідыравалі ў табліцы, апярэджваючы „Марсель”, які ідзе другім, на 12 ачкоў.

БАТЭ ўстанавіў рэкорд па колькасці выхадаў у фінал Кубка Беларусі

Адолеўшы па суме двух матчаў „Славію” (0:1, 2:0), БАТЭ дзявяты раз у гісторыі прабіўся ў фінал Кубка Беларусі, дзе 24 траўня сустрэнецца з берасцейскім „Дынама”. Такім чынам, барысаўскі клуб выйшаў у аднаасобныя лідары па колькасці трапленняў у вырашальную стадыю турніру. Па гэтым паказчыку БАТЭ абышоў „Шахцёр”, які прабіваўся ў фінал восем разоў. На рахунку БАТЭ, а таксама ягонага суперніка па бліжэйшаму фіналу па тры перамогі ў Кубку Беларусі. Пераможца фіналу стане першым у гісторыі Кубка яго чатырохразовым уладальнікам.

Еўракубкавыя турніры па валейболе дагульвацца не будуць

Еўракубкавыя турніры па валейболе дагульвацца не будуць, аднак Еўрапейская канфедэрацыя валейбола (ЕКВ) выплаціць клубам 80% прызавых. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце арганізацыі. Акрамя таго, клубам будзе аказана фінансавая падтрымка. Не будуць завершаны мужчынскія і жаночыя валейбольныя клубныя турніры: Ліга чэмпіёнаў, Кубак CEV і Кубак выкліку. Не адбудзецца і суперфінал Лігі чэмпіёнаў, які павінен быў прайсці 16 траўня ў Берліне.

Маргарыта Азізава пераходзіць у „Менчанку”

Адна з лепшых валейбалістак польскай лігі, дыяганальная зборнай Азербайджана Маргарыта Азізава у сезоне-2020/21 будзе выступаць за „Менчанку”. Блакавальная Надзея Уладыка падоўжыла кантракт з валейбольным клубам на наступны сезон. Пра гэта паведамляе супольнасць клуба ва „Укантакце”.

Беларускае Радыё Рацыя