Рух «За Свабоду» перадаў сродкі ў падтрымку выдавецтва «Логвінаў» (абноўлена)



Больш за чатыры мільёны рублёў перадаў Рух «За Свабоду» падчас акцыі ў падтрымку выдавецтва «Логвінаў», набыўшы кніжкі і частку сумы ахвяраваўшы.

«Улада вельмі баіцца свабоднага слова, свабоднага мыслення і ўвогуле незалежных ініцыятываў, хоча ўсё кантраляваць. Але якраз вольнае слова кантраляваць немагчыма», – пракаментаваў акцыю салідарнасці старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Як адзначыў яго намеснік Юрась Губарэвіч, трэба дапамагчы выдавецтву «Логвінаў» заплаціць неабдымны штраф.   Па ягоных словах, на такіх прыкладах «беларусам трэба вучыцца падтрымліваць адзін аднаго».

– Рух “За свабоду” сабраў пэўныя сродкі, і кіраўніцтва Руху наведала кнігарню. Мы вырашылі сумясціць гэтую акцыю з іншай – падтрымкай беларускамоўнага навучання для дзетак у дзіцячых садках. Атабралі адмыслова некалькі камплектаў беларускамоўных дзіцячых кніжак і набылі іх. Такім чынам дапамаглі і кнігарні, і перадалі гэтыя камплекты ў дзіцячыя садкі Менска. Таксама ахвяравалі пэўную суму грошай непасрэдна на пагашэнне штрафу.

«Салідарнасць – адзінае, што мы можам супрацьпаставіць рэпрэсіўным дзеянням уладаў. І ў беларусаў ужо ёсць досвед паспяховых акцый салідарнасці па выплаце вялікіх штрафаў і дапамозе палітзняволеным. Падтрымка выдавецтва „Логвінаў” можа стаць яшчэ адным прыкладам», – сказаў першы намеснік старшыні Руху Юрась Губарэвіч.

* * *

Калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда разгледзела рашэнне эканамічнага суда Менска ў справе выдаўца Ігара Логвінава. Як паведамляе tut.by, калегія пакінула ў сіле рашэнне пра спагнанне з экс-уладальніка кнігарні „Логвінаў” штрафу ў памеры звыш пяці мільёнаў  рублёў, а таксама канфіскацыі даходаў яго прадпрыемства за 2014 год у памеры 961 млн рублёў. Такое рашэнне па кнігарні „Логвінаў” прыняў 9 студзеня эканамічны суд Менска па пазове падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна.  Нагодай стаў продаж кніг без неабходнай ліцэнзіі Мінінфармацыі. Прадпрымальнік абскардзіў рашэнне першай інстанцыі ў Вярхоўным судзе, але і яго рашэнне было неспрыяльным для выдаўца.

Падтрымаць кнігарню можна трыма спосабамі:

  1. Пералічыць ахвяраванні на літоўскі рахунак Літаратурнага дома „Логвінаў” (усе звесткі вы знойдзеце на сайце:http://savelohvinau.club).
  2. Прыйсці ў кнігарню „ЛогвінаЎ” (Менск, Незалежнасці, 37а) і перадаць ахвяраванні наўпрост прадаўцу. У гэтым выпадку, паводле закона, асобе трэбна мець з сабою пашпарт, а ахвяраванні павінны быць выключна ў рублях.
  3. Падзяліцца гэтай навіной з сябрамі. Бо, ведаеце, калі нас будзе шмат, непадымная сума распусціцца ў паветры. Чаго ёй і жадаем.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zhlobin-news.org