COVID 19: агляд сусветнай прэсы
З-за каронавірусу адменены буйны музычны фестываль, Канстытуцыйны суд Малаві адклаў прыняцце захадаў каранціну. Пра гэта і іншае ў аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
ПС: Афрыканская дзяржава Малаві — адна з апошніх у свеце, якая абвясціла, што мае каронавірус сярод грамадзян. Канстытуцыйны суд краіны забараніў абвяшчэнне каранціну да таго моманту, пакуль не будзе нададзена неабходная дапамога самым бедным слаям насельніцтва. Іначай тыя будуць проста жыць у голадзе. Прэзідэнт Пэтэр Мутарыка заявіў, што ў пятніцу самыя бедныя людзі атрымаюць мабільны грашовы перавод у 50 даляраў на падтрымку жыццядзейнасці ў час магчымага каранціну. Адмысловая праграма ўключае ў сябе 172 000 чалавек. Варта адзначыць, што Малаві ўводзіць у спіс найбяднейшых краін свету. Каранцін планавалася абвясціць яшчэ 15 красавіка, але працэс зацягнуўся з-за пратэстаў тых, каму неабходна фінансавая дапамога. Мясцовая Кааліцыя праваабаронцаў падала ў суд з патрабаваннем адкласці каранцін да тае пары, пакуль такая дапамога не будзе нададзеная. Таму ўрад быў вымушаны спачатку знайсці і вылучыць грошы самым бедным малавійцам, піша BBC. Пра гэтым пратэставалі яшчэ і рэлігійныя групы, заяўляючы, што строгі каранцін у краіне парушыць іх рэлігійную свабоду. Пакуль дата каранціну не абвешчаная, гарады поўныя людзей. Аднак журналіст Пэтэр Джэнгва паведамляе, што ў сталіцы краіны, Лілонгвэ, на выхадзе з крамаў з’явіліся антысептычныя сродкі. Як толькі каранцін у Малаві абвесцяць, усе масавыя мерапрыемствы, якія збіраюць больш за 100 чалавек, будуць пад забаронай. Ужо забароненыя ўсе мітынгі кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары да 2 ліпеня, калі пачнецца непасрэдна выбарчая гонка.
Музыкі з Паўднёваафрыканскай рэспублікі пачалі ў Твітэры кампанію за вяртанне на радзіму. 29 чалавек захраслі ў Турцыі, межы зачыненыя, і музыкі доўгі час не могуць вярнуцца. Яны працавалі па кантракце з фірмай у міжземнаморскім горадзе Анталья. Некаторыя працавалі ўжо больш за год, а ў сакавіку да іх далучыліся некалькі суайчыннікаў. І якраз наступіў каранцін. У канцы сакавіка Турцыя скасавала ўсе міжнародныя рэйсы, адпаведна, вярнуцца на радзіму ў Паўднёвую Афрыку музыкі пакуль не могуць. Кампанія, на якую працавалі афрыканцы, часова прапыніла дзеянне кантракту. Акрамя таго, дазволы на працу ў Турцыі скончыліся ў некалькіх чалавек. 29 музыкаў прадстаўляюць чатыры гарады краіны — Порт Элізабэт, Прэторыю, Савэта і Кэйптаўн. Месяц яны спрабуюць знайсці спосаб вярнуцца, але не могуць. Яны знялі адмысловае відэа ў Твітэры. Прадстаўнік групы, Туласізвэ Язэ сказаў, што пасольства Паўднёвай Афрыкі ў Турцыі адказвае на іх запыты, што прадпрымае спробы арганізаваць рэйс. Аднак ужо месяц ніякіх вынікаў сваіх просьбаў не падае.
Арганізатары музычнага фестывалю Sziget, які штогод праходзіць у Вугоршчыне, трымаліся да апошняга, але ўсё ж вымушаныя былі заявіць пра адмену ў 2020 годзе. Вось што гаворыцца ў паведамленні арганізатараў: „Як толькі ўрад Вугоршчыны падоўжыў забарону на правядзенне маштабных мерапрыемстваў да 15 жніўня, і ў адпаведнасці з гэтым афіцыйным указам мы паведамляем вам з разбітым сэрцам, што фестываль Sziget не можа адбыцца сёлета”. Арганізатары адзначаюць, што лічаць лепшым рашэннем правесці фестываль ужо ў 2021 годзе. „Мы хацелі б папрасіць цярпення, пакуль мы працуем з нашымі партнёрамі па продажы квіткоў па інструкцыі для тых, хто набыў квіткі. Як толькі мы зможам, падзелімся з вамі ўсімі дэталямі па электроннай пошце”, – гаворыцца ў паведамленні. Спасылку на заяву арганізатараў фестывалю прыводзіць у пятніцу шэраг СМІ…
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя