Алесь Дзянісаў: Я спадзяюся, што ўсё атрымаецца



На свята Дня салідарнасці працоўных – 1-га траўня, гурт Dzieciuki правядзе анлайн канцэрт.

„Госць Рацыі” музыка, лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў:

– Мы ў нейкім сэнсе замарудзілі гэты працэс таму, што шмат гуртоў ладзілі такія канцэрты. У Гародні не ведаю колькі гуртоў дакладна, Шалкевіч можа першы быў. У нейкім сэнсе на той момант мы вырашылі, што калі ўсе так актыўна праводзяць, то можа мы не будзем паўтарацца, пасядзім пакуль, пачакаем, паглядзім. Пісалі нашы сябры, што чаго б не правесці, а потым паступіла такая прапанова ад „Цэнтра гарадскога жыцця” Гародні.  З-за таго, што ў нас няма магчымасці праводзіць канцэрты ў клубах, зрабіць такі электрычны анлайн, бо мы звычайна граем у электрычнасці, то чаму б не паспрабаваць у акустыцы зрабіць.  Для нас гэта, канешне, больш складана таму, што мы ў акустыцы амаль што не гралі ў гісторыі гурта, рэдкія вельмі канцэрты былі. Гэта нас выцягнула на рэпетыцыі, мы пачалі трохі па-іншаму некаторыя песні аранжыраваць. Канешне ж, адабралі тыя песні, якія прагучаць у акустыцы. Мы выбралі такую шчаслівую трынаццатку – 13 песень адабралі, мы іх сыграем. Нам вельмі прыемна, што ў нас з’явілася такая магчымасць, дзякуючы цэнтру і „Белсату”. Прыедзе аператар з Менску, бо ў нас няма адмысловай апаратуры. Усё гэта неяк склалася. Наш гарадзенскі музыка Жэня Кучмейна будзе дапамагаць агучваць гэта ўсё, каб гук быў на ўзроўні. Я спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

Канцэрт пачнецца а 18:30 на ютуб-канале „Белсат Музыка”.

Беларускае Радыё Рацыя