Міністр адукацыі паабяцаў, што ўсе школьнікі будуць атэставаныя



Міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас візіту 1 мая ў сталічную школу № 64 паабяцаў, што ўсе навучэнцы паводле вынікаў навучальнага года будуць атэставаныя.

„Магчыма, наведванне школ сёння невялікае, але разам з тым я лічу, што мы ні адно дзіця не пакінулі без увагі, — цытуе Карпенку прэс-служба Мінадукацыі. — Сёння ў прэсе шмат укідаў адносна атэстацыі. Няхай бацькі не хвалююцца з гэтай нагоды — усіх, каго трэба, мы атэстуем. Уся неабходная нарматыўная база для гэтага ёсць”.

Чыноўнік прысутнічаў на занятках па матэматыцы ў 9-м класе, пагутарыў з вучнямі і настаўнікамі. Ён пацікавіўся, як забяспечаная школа дэзынфікавальнымі і іншымі ахоўнымі сродкамі.

З-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 вясновыя канікулы сёлета былі працягнутыя на два тыдні: спачатку да 11-га, затым да 18 красавіка. 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці пачынаць навучальны працэс у школах 20 красавіка.

Паводле інфармацыі Мінадукацыі, на заняткі ў панядзелак прыйшло 30-40% вучняў. Увечары таго ж дня намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай паведаміў, што школьнікі, якія, нягледзячы на аднаўленне заняткаў, застануцца дома, будуць атэставаныя за год на падставе адзнак у трох чвэрцях. „Гэта дазваляюць правілы атэстацыі”, — заўважыў ён у эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”.

У тэлесюжэце было адзначана, што рашэнне адносна дзяцей, якія не будуць наведваць школу, Мінадукацыі прыме на працягу двух дзён. Аднак да гэтага часу настаўнікі не атрымалі дакладных указанняў, як будзе праходзіць атэстацыя школьнікаў, якія вучацца дома.

З 26 красавіка на сайце „Petitions.by. Зручны горад” ідзе збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем адстаўкі міністра Карпенкі. На 1 мая пад петыцыяй падпісалася 4.898 чалавек. Яе аўтар, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, 27 красавіка заявіў БелаПАН, што Міністэрства адукацыі апошнім часам паводзіць сябе „не толькі непаслядоўна, але яшчэ і беспрынцыпова: заняло пазіцыю, якая ўскладае дадатковы цяжар на ўсю сістэму, у тым ліку на бацькоў дзяцей, што не ходзяць у школу, і двайны цяжар на настаўнікаў”. Ён лічыць, што сваімі дзеяннямі Мінадукацыі падштурхоўвае да таго, каб дзеці, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, ішлі ў школу.

Сярод прэтэнзій да чыноўніка — адсутнасць арганізацыі дыстанцыйнага навучання і бяспекі школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў (многія старэйшыя за 60 гадоў). „У сувязі з вышэйназванымі абставінамі лічым, што міністр адукацыі Ігар Карпенка павінен пайсці ў адстаўку, а ў краіне павінна быць арганізаванае дыстанцыйнае навучанне з улікам усіх пералічаных у звароце пунктаў”, — заявіў Барысаў.

belapan.by