Чаму беларускае грамадства скептычна ставіцца да праймерыз?
Арганізатары анлайн-галасавання за альтэрнатыўнага кандыдата ад апазіцыі адсправаздачыліся. У выбарах перамог кандыдат ад АГП Мікалай Казлоў, які набраў штосьці там каля 1700 галасоў прыхільнікаў. На другой пазіцыі з адрывам у некалькі дзясяткаў галасоў ідзе старшыня Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч. Замыкае тройку прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазіцыі Ганна Кавалькова. Не хацелася б пакрыўдзіць шаноўных палітыкаў і арганізатараў праймерыз, але вынік гэтай ініцыятывы можна лічыць вельмі сціплым. Нават калі суміраваць галасы за ўсіх прэтэндэнтаў на анлайн-галасаванні, агульная колькасць удзельнікаў праймерыз усё адно вельмі нязначная. У некаторых блогераў у сацыяльных сетках падпісчыкаў і тое больш, чым удзельнікаў праймерыз. СММ-спецыялісты, якія дапамагалі прасоўваць анлайн-галасаванне, скардзяцца на агрэсіўную рэакцыю ботаў і карыстальнікаў сацыяльных сетак. Але тлумачаць гэтую рэакцыю выключна тым, што ўлады непакояцца фактам аб’яднання апазіцыі і выхадам на так званага адзінага кандыдата. Аднак такая візія, нават пры самым лаяльным стаўленні да апазіцыі, выглядае надта спрошчанай і схематычнай. Улады сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб апаненты ніколі не аб’ядналіся, стратэгія іх дзеяння нагадвала Броўнаўскі рух, а адзінага кандыдата не было. Зразумела, высілкі прапагандысцкай машыны і арміі інтэрнэт-троляў накіраваныя на тое, каб у беларускага грамадства па-ранейшаму адсутнічала вера ў тое, што яно здольнае мабілізавацца і дабіцца пераменаў. Але пры ўсім гэтым апазіцыйным лідарам, якія ўдзельнічаюць у такой вельмі няўдзячнай справе, як праймерыз, варта ўсё-такі прыслухацца да меркавання крытыкаў.
Чаму ініцыятыва праймерыз выклікае шквал крытыкі сярод апазіцыйна настроеных грамадзянаў?
На дадзеным этапе ўжо позна аналізаваць працэдурныя хібы беларускіх праймерыз. Пасля правядзення сустрэч у рэгіёнах, на якіх прысутнічалі збольшага партыйныя актывісты. Можна меркаваць, што прыблізна той жа кантынгент і прыняў удзел у інтэрнэт-галасаванні. То бок, арганізатарам, на жаль, не ўдалося выйсці на новы электарат, хоць пачатак сустрэч быў шматабяцальны. Ігнараванне праймерыз з боку шырокай публікі абумоўлена сыходам з дыстанцыі найбольш яркіх удзельнікаў. Пасля дэмаршу Паўла Севярынца гэтая ініцыятыва пазбавілася мінімальнай інтрыгі. Ужо на тым этапе варта было прагназаваць, што праймерыз без фаварытаў гонкі пераўтварыцца ў прафанацыю.
Асноўная прэтэнзія да ўдзельнікаў і арганізатараў праймерыз заключаецца ў тым, што яны ўпарта гнуць сваю лінію, адмаўляючыся ўносіць карэктывы ў планы, нягледзячы на тое, што рэчаіснасць у апошнія месяцы кардынальна памянялася. У гэтым яны падобныя на свайго візаві, які насуперак усяму адмаўляе пандэмію каронавіруса, заклікае дзяцей хадзіць у школы і рыхтуецца да параду. Нягнуткасць у прыняцці палітычных рашэнняў і гульня па правілах улады – вось што адштурхоўвае палітычна актыўных грамадзянаў ад удзелу ў праймерыз. Відавочна, на фоне распаўсюду каронавіруснай інфекцыі на другі план адыходзяць перыпетыі змагання за ўмоўнае лідарства ў апазіцыйным лагеры. Грамадства чакае ад апазіцыі аб’яднання і альтэрнатывы ў выглядзе супрацькрызіснай праграмы, скарэктаванай з улікам бягучай эпідэміялагічнай сітуацыі. Увогуле бяззубая рэакцыя апазіцыйных палітыкаў на маштабны крызіс, выкліканы пандэміяй каронавірусу, паказвае, што імпульс палітычных пераўтварэнняў у Беларусі наўрад ці будзе сыходзіць ад традыцыйных апазіцыйных суб’ектаў. За дзесяцігоддзі супрацьстаяння з уладай дэмакратычныя партыі страцілі ўплыў на грамадства і, што самае сумнае, азарт да палітычнай барацьбы.