Чуткі. Смаргонь



Мір, праца, май – тое, пра што піша ў гэтыя дні смаргонская раёнка “Светлы шлях”… А яшчэ – пра спорт, рэспубліканскі суботнік, гадавіну аварыі на ЧАЭС… Тэмы актуальныя.

Апошняя – усё яшчэ балючая і надзённая. Шкада – высноваў не робім…Тым часам землякоў найбольш турбуе тэма каронавіруса, і вось пра гэта раёнка даўно не піша. Яно і вядома – дзе ж пра ўсё напішаш у адной газеце?! Тут адолець бы сельскагаспадарчыя работы, пра калгасы распавесці… Адно выданне на раён – гэта вам не жартачкі! І вось на партале kraj.by з’яўляецца інфармацыя пра 42 пацыентаў з ковід-19 у Смаргоні. Не было нікога – і вось, трымайце! Хтосьці знаходзіцца ў шпіталі, а хтосьці дома – на самаізаляцыі.

Пра атамшчыкаў з Ніжняга Тагілу даведаліся ўсе, а вось пра смаргонцаў, якія хварэюць, – цішыня… Хочацца верыць, што медыцына мае лекі і сродкі абароны ад вірусу. Застаецца верыць і спадзявацца на лепшае, бо замест узважанай і адэкватнай інфармацыі маем у арсенале адно чуткі. І нават з чуткамі – дэфіцыт. Размова ідзе пра папулярную суполку ў кантакце “Чуткі Смаргонь” (больш 20 тысячаў удзельнікаў). Як заблакавалі… Прычыны?

Вядома, гэта далёка не “Хартыя-97” і там не было апазіцыйных тэмаў (больш – рэкламы ад мясцовых іпэшнікаў і рамеснікаў), нават экалагічныя не віталіся, але ковід-19 прымусіў народ размаўляць пра надзённае. У тым ліку, пра хворых і медыкаў. Пра дапамогу медыкам. Пра тое, ці варта ісці на службы ў царкву або касцёл. Пра самаізаляцыю, школы, дыстанцыйнае навучанне… Карацей, пра тое, што важна тут і цяпер. Заблакавалі. Супадзенне.

Можам і памаўчаць, безумоўна! Бульбу не ўсе пасадзілі… Суш… Але асноўную праблему маўчаннем не вырашыш.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ