Першы Губарэвіч. Далей Казлоў і Кавалькова



Такія прамежкавыя вынікі беларускага праймерыз. Апоўначы завершылася галасаванне за адзінага кандыдата на адмысловым сайце. І хоць перамогу на гэтым этапе атрымаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, за якога прагаласавалі амаль 40%, – у лідарах, паводле двух этапаў, Юрась Губарэвіч. Раней ён перамог падчас галасавання на сустрэчах у рэгіёнах, якія прыпыніліся праз каронавірус.

На сустрэчы прыходзіла няшмат актывістаў, а ў другім этапе – праз інтэрнэт прагаласавалі толькі 4500 чалавек. Гэта вельмі мала, заўважыў у нашым эфіры палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

– Гэта тлумачыцца некалькімі чыннікамі. Найперш гэта, зразумела, эпідэмія каронавіруса, якая настолькі моцным чыннікам аказалася для беларускай інфармацыйнай прасторы. Усе астатнія тэмы былі выціснутыя на перыферыю ўвагі. Па-другое, большасць насельніцтва добра ўсведамляе, што беларускія выбары – гэта несапраўднае нешта. У некай звычайнай сітуацыі можна і пагуляць у гэтую гульню, а ў перыед пандэміі не да гульняў і не да жартаў.

І плюс яшчэ скандалы, якія суправаджалі працэс праймерыз, калі беларуская апазіцыя паказала, што сапраўды ёй цяжка дамовіцца, падкрэслівае палітычны аналітыкі Валерый Карбалевіч.

Працэнты ад двух этапаў пералічваюцца ў балы. І такім чынам, старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч мае – 39,92 балы, лідар АГП Мікалай Казлоў – 17,37 балаў, прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова  – 9,71 балаў. Далей чакаецца агульны кангрэс, дзе і плануюць назваць адзінага кандыдата на выбары 2020 года.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя