Мітрапаліт Павел прыгразіў святарам царкоўным судом
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел звярнуўся да святароў і прыхаджан Праваслаўнай царквы ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Яго зварот размешчаны на сайце БПЦ.
Паводле яго слоў, інструкцыі па супрацьдзеянні каронавіруснай інфекцыі неаднаразова накіроўваліся ў епархіі, манастыры і прыходы БПЦ. Яны былі заснаваныя на кампетэнтных рэкамендацыях спецыялістаў-эпідэміёлагаў.
Патрыяршы Экзарх са шкадаваннем адзначыў, што не ўсе вернікі прыслухаліся да рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і заклікам царквы. Храмы не зачыняліся ў велікодныя дні, але і прыхаджан і святароў заклікалі выконваць санітарныя нормы і меры засцярогі.
„Бестурботнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленне да выканання інструкцый па папярэджанні захворвання з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, законнікаў і недухоўных, як з ліку парафіяльных працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых вернікаў”, – гаворыцца ў звароце.
Большая частка тых, хто захварэў, пераносіць інфекцыю ў адносна лёгкай форме, але ёсць і тыя, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі, некаторыя святары і кансэкраваныя асобы знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі. Адзін памёр (святар Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Менску Генадзь Буцько).
Мітрапаліт Павел заклікаў архіпастыраў, пастыраў, ігуменаў, ігуменій і ўсіх вернікаў прыслухацца да заклікаў Патрыярха Кірыла і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя. Патрыяршы Экзарх заклікаў устрымлівацца ад наведвання храмаў і грамадскіх месцаў пры найменшых прыкметах захворвання, захоўваць бяспечную дыстанцыю і меры засцярогі.
Ён нагадаў пра неабходнасць выканання даведзеных інструкцый па супрацьдзеянні каронавірусу. Мітрапаліт Павел назваў нядбалае стаўленне, невыкананне санітарных норм, прызывы ігнараваць інструкцыі ў перыяд эпідэміі злачынствамі супраць блізкіх і Бога.
„Адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад богам па евангельскім законе, а перад людзьмі – па законах дзяржавы. У выпадку выяўлення адкрытага грэбавання санітарнымі нормамі клірыкі будуць схільныя да самых строгіх кананічных грозьбаў і могуць быць прыцягнутыя да царкоўнага суду”, – папярэдзіў Мітрапаліт Павел.
Ён звярнуўся да святароў з просьбай праводзіць богаслужэнні з улікам сітуацыі на месцах. У выпадку захворвання клерыкаў і спевакоў, можна скараціць лік набажэнстваў, што здзяйсняюцца. У цёплы час іх рэкамендуецца праводзіць на вуліцах.
„У месцах, дзе складаная эпідэміялагічная сітуацыя, багаслаўляецца здзяйсненне набажэнстваў у храмах без удзелу вернікаў, каб не падвяргаць рызыцы магчымага заражэння людзей”, – адзначыў Патрыяршы Экзарх.
Ён заклікаў маліцца за лекараў, аказваць маральную і матэрыяльную дапамогу ахове здароўя, а таксама хворым і членам іх сем’яў.