Ці паедзем у госці да Лепельскага Цмока?
У жніўні 2019 года ў горадзе Лепель не адбыўся шосты фестываль беларускай міфалогіі «У госці да Лепельскага Цмока». Фестываль праходзіў у Лепелі з 2013 года. На фэст прыязджалі выканаўцы з Украіны, Польшчы, Эстоніі, Расіі. Мэтай фестывалю было адраджэнне беларускай культуры на аснове міфалогіі.
Лепельскі Цмок – міфалагічная істота, апісаная пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. У 2013 годзе Лепелі быў усталяваны помнік на беразе возера, пры падтрымцы мясцовых уладаў і грамадзкіх ініцыятываў пачаў ладзіцца фэст “У госці да Лепельскага Цмока”. Лепельскі Цмок стаў рэгіянальным турыстычным брэндам. Правядзеннем фэсту міфалагічнай культуры ў Лепеле занепакоілася царква. Мясцовыя праваслаўныя святары пабачылі ў фэсце небяспеку адраджэння паганскага культа Цмока.
У жніўні 2019 годзе традыцыйны фэст у Лепелі не адбыўся, хаця быў анансаваны. Замест яго 3 жніўня пад часткова змененай назвай “Фэст Цмока” адбылося мерапрыемства ў Бярэзінскім запаведніку, у аграгарадку Вялікі Поўсвіж.
Арганізатарка фэсту, рэжысёрка Вольга Маханенка паведаміла, што забароне фестывалю ў Лепелі спрыялі чыноўнікі, якія знаходзяцца пад уплывам праваслаўнай царквы: “Выклік часу. На змену атэізму прыйшоў агрэсіўны рэлігійны фанатызм. Пры папярэднім старшыні райвыканкама было супрацоўніцтва. Ён быў зацікаўлены. Гэта тэрыторыя горада, адпаведна на фэсце павінны быць задзейнічаныя гарадскія арганізацыі, напрыклад камунальнікі, міліцыя. Павінна быць рашэнне выканкама. Гэта агульныя патрабаванні, або трэба аплачваць паслугі ўсіх службаў. Дзе ўзяць такія грошы.? На працягу пяці гадоў 2013-2018 я разам з валанцёрамі пры падтрымцы кіраўніцтва раёна мела магчымасць распрацаваць і прасоўваць, як турыстычны брэнд нашай мясцовасці, фэст „У госці да Лепельскага Цмока”. Гэта было сапраўднае свята беларускасці з роднай моваю і самабытнымі беларускімі калектывамі. Выканаўцы з іншых краін прадстаўлялі свае нацыянальныя традыцыі. Мясцовыя царкоўнікі ўгледзелі ў міфічнай істоце Цмока пагрозу хрысціянскаму свету і сваёй дзейнасці. Тагачаснае кіраўніцтва раёна разумела ўсю недарэчнасць і не вельмі звяртала на гэта увагу. Але казка скончылася са зменай мясцовай ўлады. Афіцыйна вырашылі, што немэтазгодна праводзіць у горадзе. Правядзенне скінулі ў Бярэзінскі запаведнік, але гэта ўжо іншае мерапрыемства з іншымі мэтамі і зместам. Таму пастаўлена кропка. На мой асабісты зварот у выканкам прыйшоў адказ, што мерапрыемствы праходзяць згодна плана, зацверджанага райвыканкамам. Гэта ўсё. Магчыма зварот грамадскасці да мясцовых уладаў штосьці б змяніў”.
Вольга Маханенка лічыць, што ёсць перспектывы дзеянняў грамадскасці ў абарону фэсту “У госці да Лепельскага Цмока: “Ёсць магчымасць звярнуцца ў Міністэрства турызму, Міністэрства культуры, ведамасныя структуры Віцебскага аблвыканкаму, Лепельскаму выканкаму”.
2020 год – год Уладзіміра Караткевіча – 90 гадоў, а менавіта ён падрабязна апісаў Лепельскага Цмока.
І ў год Уладзіміра Kараткевіча Фэст „У госці да Лепельскага Цмока” мог бы набыць новае дыханне.