Павел Севярынец: Лукашэнка рыхтуе парад смерці



Сустаршыня  аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец раскрытыкаваў рашэнне праводзіць парад Перамогі 9 траўня ў Менску нягледзячы на вялікую колькасць захварэлых на каронавірус, у тым ліку ў шэрагах беларускіх вайскоўцаў:

– Што замест гэтага робіць Лукашэнка? Ён рыхтуе парад смерці на 9 траўня, хаця ўжо дакладна вядома пра дзясяткі выпадкаў хваробы на каронавірус вайскоўцаў, якія павінны былі ўдзельнічаць у гэтым парадзе. Яны ўсталёўваюць трыбуну за 600 тысячаў рублёў у цэнтры Менску. Генералісімус будзе выступаць перад вайскоўцамі ды студэнтамі, а студэнтаў заганяюць на парад. Яшчэ пытанне ці дазволяць ім мець маскі. Мы цудоўна памятаем, як Лукашэнка абурыўся на тых, хто апранае маскі дзецям у школы. Вы можаце сабе ўявіць, што гэта адбываецца ў 21 стагоддзі ў самым сэрцы Еўропы, ужо ўвесь свет скаланаецца ад жаху гледзячы на Беларусь.

Па апошніх афіцыйных дадзеных колькасць заражаных каронавірусам у Беларусі перавысіла 15 тысяч. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 2 траўня, у краіне зарэгістравана 15 828 выпадкаў.

За мінулыя суткі адзначана 911 новых выпадкаў. З пачатку ўспышкі на тэрыторыі Беларусі памерлі 97 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя