У Беларусі 17 489 (+784) выпадкаў каронавіруса



Па стане на раніцу 4 траўня ў Беларусі зафіксаваны 17 489 выпадкаў каронавіруса, што складае 8,2% ад колькасці праведзеных тэстаў. Усяго праведзена 211 тыс. 369 тэстаў.

Згодна афіцыйнай статыстыцы, памерлі 103 чалавекі. Выпісаныя 3 259 (63 за суткі).

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, хто мае патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Прэс-мерапрыемстваў на мінулым тыдні міністэрства не праводзіла.

3 красавіка намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла на прэс-канферэнцыі, што зробленыя захады далі магчымасць прадухіліць сотні выпадкаў захворвання на каронавірусную інфекцыю штодня. „Калі б не меры, якія прынятыя па пошуку пацыентаў з каранавірусам, іх кантактаў, а таксама па іх шпіталізацыі і правядзенні супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны, то сёння мы б мелі 840 выпадкаў за дзень і нічым бы не адрозніваліся ад найбліжэйшых дзяржаў. Ні адна суседняя краіна такія захады не рабіла, не шпіталізаваліся ўсе выяўленыя кантакты першага ўзроўню, кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці вострых рэспіраторных захворванняў”, — сказала Богдан.

14 красавіка яна дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі на 300—400 за суткі будзе доўжыцца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.

На брыфінгу 24 красавіка Богдан паведаміла, што ў краіне пачалося ўкараненне экспрэс-тэстаў для выяўлення імунаглабулінаў і ацэнкі постінфекцыйнага імунітэту. „Павелічэнне тэставання натуральна пацягне за сабой і павелічэнне колькасці выяўленых выпадкаў. Таксама думаю, мы знойдзем і тых, хто ўжо перанёс захворванне, адпаведна яны ўвойдуць у лік выяўленых выпадкаў”, — папярэдзіла яна.

belapan.by