Забруджанае ўзбярэжжа Нёмана (фотарэпартаж)
Страшнае забруджанне бытавымі адкідамі ўжо цягам многіх гадоў адварочвае гарадзенцаў ад шпацыраў па самім узбярэжжы Нёмана, што ля былой вёскі Салы. Румлёўскі лес, які з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння, мае не толькі вялікую антрапагенную нагрузку, але і мінімальнае жаданне гарадзенцаў прыбіраць пасля сябе. Ну няўжо так цяжка, папіўшы -паеўшы, пакласці ў пакет смецце і занесці ў кантэйнер, які ёсць у паркавай зоне Румлеўскага лесу???
Паміж Румлёўскім і новым, яшчэ не ўведзеным у эксплуатацыю аўтамабільным мостам, (які пакуль без назвы), зямля засмечаная пластыкам і бітым шклом ад бутэлек. Шмат бытавога смецця з прылеглых да Нёмана дамоў былой вёскі Салы (цяпер вуліцы Салы, Гародні).
Неўзабаве пойдзе ў рост прыбярэжная расліннасць, і – бывай смецце. Ізноў яе схавае прырода. А «рыбакі» і «шашлычнікі» ізноў будуць весці традыцыйную дзейнасць.
Нядаўна праводзіўся суботнік у краіне. Пэўна, што праводзіцца будзе яшчэ. Але пакуль аніводная група людзей не адолела гэты зарэчанскі куток жывой прыроды. Бо, падʼездаў туды няма, толькі праходы. А значыць смецце, якога накідалі жыхары Салоў, «рыбакі», «шашлычнікі» за дзесяцігоддзі выносіць трэба сваімі рукамі і плячамі.
А гэтыя фотаздымкі толькі фрагмент гэтага бязладдзя. Хочацца параіць гарадзенцам, тым хто гэта рабіў і робіць: Не будзь Смеццем – не смець!
Віктар Парфёненка, Гародня