У Берасці пачнуць забор плазмы ў тых, хто перахварэў на каронавірус
Літаральна праз тыдзень у берасцейскай абласной станцыі пералівання крыві пачнецца забор плазмы ў тых, хто ўжо хварэў на каронавірус. Такую інфармацыю агучыла галоўная лекарка ўстановы Марына Асапрылка. Донарамі могуць стаць тыя, хто раней меў станоўчы тэст на Ковід-19, але здолеў перамагчы хваробу:
– Першы забор крыві запланаваны на панядзелак, 11 траўня. Да гэтага моманту адбываецца дакументальнае пацверджанне стану здароўя пацыентаў. Ва ўстанове ўжо ёсць неабходнае абсталяванне для правядзення працэдуры.
Галоўны крытэр да донараў заключаецца ў тым, што павінна прайсці пятнаццаць дзён з таго моманту, як яны сталі здаровымі. Гэта называецца клінічнае выздараўленне пацыента.
Для замеру анціцелаў прадугледжаны спецыяльны тэст. Прымяняюцца высокатэхналагічныя метады нарыхтоўкі. Лекары спадзяюцца, што плазма дапаможа большай колькасці людзей у кароткі тэрмін перамагчы Ковід-19.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота БелТА