На менскіх перамовах дамовіліся пра спыненне агню (абнаўляецца)



Кіраўнік Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін звярнуў увагу на фразу Пуціна, што рэкордна вялікі працяг сустрэчы доўжыўся з-за таго, што Кіеў не захацеў сесці за адзін стол з ДНР і ЛНР.

– Украінскія ўлады не прызнаюць ДНР і ЛНР і таму афіцыйна сустракацца прэзідэнту Украіны з прадстаўнікамі ДНР і ЛНР не можа, напэўна ён і паўнамоцтваў такіх не мае. Важна што будзе заўтра. Ёсць сур’ёзная занепоенасць, я думаю з боку ўсіх – і з боку Пуціна, і з боку Парашэнкі, і еўрапейскіх лідараў, адносна таго як гэта будзе выконвацца. У прыватнасці ў Пуціна прагучалі словы, што патрэбны кантроль за выкананнем пагаднення.

Сепаратысты з ЛНР і ДНР задаволеныя „менскім мірам”. Cамапрызначаны кіраўніком ЛНР Ігар Платніцкі выказаў перакананне, што Украіне неўзабаве давядзецца змяніць шэраг артыкулаў Асноўнага Закону, паколькі закрываць вочы на статус Данбасу ўжо не выпадае.

* * *

На Менскіх перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню з 00.00 15 лютага, паведамілі журналістам паводле вынікаў саміту „нармандскай чацвёркі” прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка і Расеі Уладзімір Пуцін.

„Завяршыліся вельмі цяжкія перамовы, якія ішлі бесперапынна 18 гадзін, – сказаў Парашэнка. – Трохбаковая кантактная група падпісала дакумент, які рыхтаваўся з такімі вялікімі цяжкасцямі.

Дамовіліся, што з 00.00 гадзін 15 лютага павінна быць безумоўнае ўсёабдымнае спыненне агню”.

“Зараз найважнейшае каб быў мір”, – кажа экс-спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч.

 – Ёсць вялікае гора, ёсць вайна. Каб яе супыніць збіраюцца людзі ў Менску. Толькі яны могуць яе супыніць. Толькі яны могуць пастарацца пераканаць Пуціна, каб перастаў займацца дзяржаўным тэрарызмам. Надзея на гэта ёсць. Прабачце за маю пазіцыю. Вайну трэба спыніць. Лукашэнку гэта выгадна, але ён нічога не вырашае, апрача як гаспадарчыя пытанні: як каго пасадзіць, як каго задобрыць. 

Кіраўнік МЗС Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, які таксама ўдзельнічаў у перамовах, паведаміў журналістам, што лідары Расеі, Украіны, Германіі і Францыі не ставілі свае подпісы пад Менскай дэкларацыяй.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

  * * *

Лідары краін «нармандскай чацвёркі» па выніках перамоваў у Менску прынялі дэкларацыю.  У дакуменце, апублікаваным на афіцыйным сайце Крамля, зафіксаваныя палажэнні, якія падзяляюць усе ўдзельнікі перамоваў.

У дэкларацыі адзначаецца, што «прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэзідэнт Французскай Рэспублікі Франсуа Аланд і канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германія Ангела Меркель пацвярджаюць поўную павагу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

У дакуменце ўказана, што лідары ўхваляюць Комплекс мер па выкананні Менскіх пагадненняў, прыняты і падпісаны 12 лютага 2015 года усімі, хто таксама падпісаў Менскі пратакол ад 5 верасня 2014 года і Менскі мемарандум ад 19 верасня 2014 года.

* * *

Па выніках перамоў у Менску была дасягнута дамоўленасць пра спыненне агню з 00 гадзін 15 лютага, паведаміў прэзідэнт Расеі.

– Нягледзячы на ўсе складанасці перамоўнага працэсу, усё ж такі ўдалося дамовіцца аб галоўным. Дарэчы, чаму так доўга ішлі ўзгадненні. Я думаю, што гэта звязана з тым, што, на жаль, кіеўскія ўлады  адмаўляюцца ад прамых кантактаў з прадстаўнікамі ДНР і ЛНР. Нягледзячы на тое, што яны непрызнаныя, трэба ўсё ж такі  зыходзіць з рэалій жыцця. Мы працавалі ў тых умовах, якія ёсць, і дамовіліся, на мой погляд, пра многае: дамовіліся пра спыненне агню, пра адвод цяжкага ўзбраення ад сённяшняй лініі сутыкнення для ўкраінскіх войск, і ад лініі, абазначанай 19 верасня мінулага года ў Менскіх пагадненнях для апалчэнцаў Данбаса.

Таксама Уладзімір Пуцін заявіў, што па выніках сустрэчы „нармандскай чацвёркі”, якая доўжылася каля 16 гадзін, быў падпісаны дакумент кантактнай групы аб мерах, накіраваных на імплементацыю менскіх дамоўленасцей, паведамляе РІА Навіны.

Прэзідэнт Расеі распавёў, што ў Менску ён таксама дамовіўся з Парашэнкам даць даручэнне ваенным экспертам ацаніць сітуацыю ў Дэбальцава.

* * *

Сустрэча лідэраў Украіны, Германіі, Францыі і Расеі працягнулася пасля перапынку. Яна доўжыцца больш за 15 гадзін.

Парашэнка, Пуцін, Аланд і Меркель вярнуліся ў пакой перамоў пасля перапынку, падчас якога прэзідэнт Украіны зрабіў тэлефонны званок. Раней Парашэнка заявіў, што вылучаныя Пуціным умовы непрымальныя.

У Менску знаходзіцца наш карэспандэнт Сяргей Залескі:

–   Калі падводзіць вынікі мінулай ночы, то ніхто з перамоўшчыкаў не падыходзіў і не абвяшчаў пра нейкія зрухі ў перамовах, будзе падпісана пагадненне ці не. Журналісты толькі лічылі, колькі разоў выходзілі ў прыбіральню кіраўнікі дзяржаў. Раніцай была заява, што перамовы скончаны. Але пасля кіраўнікі дзяржаў зноў вярнуліся ў пакой для перамоваў. Цяпер журналісты чакаюць хоць нейкай інфармацыі, якая б пацвердзіла, ці знойдзены кампраміс, якія менавіта ўмовы для спынення агню прадстаўляюць бакі, ці будзе ўвогуле падпісаны хоць які-небудзь дакумент па выніках рэкорднай па часе сустрэчы зацікаўленых бакоў.

* * *

Перамовы лідараў краін «нармандскай чацвёркі» працягнуліся ў пашыраным фармаце, паведамляе РІА Навіны. Да прэзідэнтаў Расеі, Францыі, Украіны і канцлера ФРГ далучыліся кіраўнікі МЗС РФ, Германіі і Украіны, а таксама прадстаўнік АБСЕ. Па дадзеных СМІ, сустрэча можа працягнуцца яшчэ некалькі гадзін.

* * *

Сустрэча лідараў Украіны, Германіі, Францыі і Расеі завяршылася ў 10:00. Яна доўжыліся больш за 14 гадзін.

Кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне перададзены на «разгляд і візаванне» дакумент, распрацаваны лідарамі краін-удзельніц «нармандскага фармату», паведамляе агенства РІА Навіны крыніца, блізкая да працэсу перамоваў.

Лідары «Нармандскай чацвёркі» у Менску вядуць перамовы аб украінскім урэгуляванні на працягу ўжо больш за 14 гадзін.

* * *

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што пакуль на перамовах у Менску няма добрых навін, а некаторыя прапановы расейскага боку ён назваў „непрымальнымі”, перадае ў чацвер агенцтва Франс Прэс. „На жаль, пакуль добрых навін няма. На дадзены момант ні адной навіны. Надзея ўсё яшчэ ёсць”, – сказаў ён, заявіўшы аб некаторых „непрымальных умовах” з расейскага боку.

1047251616

* * *

Дванаццаць гадзін працягваюцца перамовы аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе, якія ўвечары 11 лютага ў Менску пачалі лідары Украіны, Германіі, Францыі і Расеі, т.зв. «Нармандская чацвёрка».

AA9gCQ2

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай журналістамі ад членаў украінскай і французскай дэлегацый, перамовы працягнуцца яшчэ не менш за паўтары гадзіны.

Якія магчымыя рашэнні абмяркоўваюць Пётр Парашэнка, Ангела Меркель, Франсуа Аланд і Уладзімір Пуцін, да гэтага часу невядома, паколькі пасля апоўночы яны засядаюць у вузкім складзе.

Photo by Lazarenko Mykola/POOL

Журналісты, акрэдытаваныя на мерапрыемстве, знаходзяцца ў Палацы незалежнасці ўжо 17 гадзін, адзначае БелаПАН.

* * *

У СМІ апублікаваныя галоўныя пытанні, якія абмяркоўваюць лідары краін „Нармандскай чацвёркі” на перамовах у Менску. Як паведамляе агенцтва Associated Press, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка хоча, каб лінія размежавання была такой, пра якую дамаўляліся ў верасні мінулага года. У той жа час Расея настойвае, каб тэрарысты пакінулі сабе заваяваныя нядаўна тэрыторыі. Таксама Расея настойвае на тым, што яе салдат і баявой тэхнікі ва Украіне няма.

Акрамя таго, улады Украіны хочуць аднавіць кантроль над усёй дзяржаўнай мяжой на ўсходзе, каб перакрыць паток наймітаў і зброі з Расеі, але Крэмль упэўнены, што галоўныя пункты пропуску ў Луганскай і Данецкай абласцях павінны кантраляваць баевікі.

Таксама ўкраінскі бок заявіў, што можа даць рэгіёнам, якія кантралююць тэрарысты, шырокую аўтаномію, але Расея патрабуе гарантый і зняцця фінансавай блакады.

* * *

Удзельнікі перамоваў прыбылі ў Палац незалежнасці, дзе пачаліся перамовы ў «нармандcкім фармаце» дзеля ўрэгулявання сітуацыі па Украіне.

16-pic4_zoom-1000x1000-40809

Саміт асвятляюць каля 400 міжнародных журналістаў, у тым ліку і карэспандэнт нашага радыё Сяргей Залескі.

– Перамовы, можна сказаць, ужо ідуць дзве гадзіны, гэта ў рамках двухбаковых сустрэч прэзідэнтаў з беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам. Першым прыляцеў Пётр Парашэнка, які не падыходзіў да прэсы з-за інцыдэнта, які быў выкліканы няўзгодненым пытаннем прадстаўніка расейскага тэлеканала «Россия 24», які крыкнуў: «Дакуль украінская армія будзе нішчыць мірны народ». Пасля чаго журналіста вывелі, ён больш тут не прысутнічае. На сустрэчы Пётр Парашэнка адразу павярнуў у бок ад прэсы. Астатнія кіраўнікі, якія прыбывалі, таксама не спыняліся ля журналістаў. З размоў з прадстаўнікамі дыпкорпуса Францыі і Нямеччыны зразумела, што перамовы будуць вельмі цяжкімі. Бо як выказаўся адзін з дыпламатаў: ідзе гандаль за кожную кропку і коску магчымага пагаднення.

Напярэдадні паездкі ў Менск Пуціну патэлефанаваў прэзидэнт ЗША Барак Абама. Ён зноў заявіў аб падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Украіны і выказаў заклапочанасць ростам колькасцю ахвяраў. Абама падкрэсліў важнасць таго, што ў Пуціна ёсць магчымасць абмеркаваць ситуацыю з лідарамі Украіны, Нямеччыны і Францыі, каб прыйсці да мірнага вырашэння канфлікту.

* * *

У Менск прыбылі ўдзельнікі сустрэчы „нармандскай чацвёркі” па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Першым у нацыянальным аэрапорце Менск прызямліўся самалёт з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, следам за ім прыбылі канцлер ФРГ Ангела Меркель і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Найпазней прыляцеў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Перамовы лідараў чатырох краін праходзяць у Палацы Незалежнасці.

Дамоўленасць аб правядзенні саміту ў Менску была дасягнутая 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.

Сённяшняй сустрэчы папярэднічала пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў у Менску позна вечарам 10 лютага. Яно доўжылася прыблізна дзве гадзіны, пасля чаго быў абвешчаны перапынак. * * *

Як перадае Інтэрфакс-Украіна, сустрэча прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда, канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна пачнецца прыблізна а 18:00.

Як стала вядома агенцтву Інтэрфакс-Украіна, у кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Пятра Парашэнкі пакуль не запланаваныя двухбаковыя сустрэчы ў рамках візіту, аднак такая магчымасць не выключаная.

Раней Парашэнка падкрэсліў, што сустрэча ў Менску ў «нармандзкім фармаце» 11 лютага стане адным з апошніх шанцаў абвясціць безумоўнае спыненне агню на ўсходзе краіны.

Пра магчымасць сустрэчы ў «нармандскім фармаце» было абвешчана 8 лютага. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатовасць Беларусі арганізаваць сустрэчу яшчэ падчас свайго кароткатэрміновага адпачынку ў Сочы. Цяпер Лукашэнка вярнуўся ў Менск.

* * *

У Менску аднавілася пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, паведамляе Белапан са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоўнага працэсу.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сустрэча праходзіць у тым жа фармаце, што і напярэдадні. Украіну прадстаўляе былы прэзідэнт Леанід Кучма, Расею — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — Хайдзі Тальявіні. Самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі прадстаўляюць Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега. 

* * *

Ёсць шанец, што сустрэча завершыцца вынікова, але агульная карціна пакуль негатыўная», – адзначае расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

 – Парашэнка патрабуе спыніць агонь і закрыць межы, але спыненне агню залежыць і ад яго таксама. Калі выводзіць дарадцаў, якія там ёсць, то трэба выводзіць і літоўцаў, і палякаў, і амерыканцаў. 

Перад сустрэчай «нармандскай чацвёркі» прагучалі спадзевы на мэтазгоднасць выключна палітычнага ўрэгулявання і абсалютную непажаданасць ваеннага, сцэнару.

Палітыкі ў Еўропе перакананыя, што калі ў Менску не знойдуць дыпламатычнае рашэнне па Данбасу, ЗША пагодзяцца даць Украіне зброю.

 * * *

«Беларусь выкарыстоўваецца толькі як пляцоўка для перамоў, якой давярае і ўкраінскі, і расейскі бок. Таму ад пазіцыі афіцыйнага Менска нічога не залежыць», – каментуе запланаваную сёння сустрэчу ў фармаце “нармандскай чацвёркі” намеснік старшыні Руху “За Свабоду» Юрась Губарэвіч. На яго думку, мяч зараз на баку Крамля.

–  Натуральна, шмат што, калі не ўсё, залежыць ад пазіцыі кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна, ад яго адэкватнай ацэнкі сітуацыі, ад яго разумення, што ён уцягвае сваю краіну і амаль увесь кантынент у патэнцыйную вайсковую пагрозу, якая можа скончыцца рэальным маштабным вайсковым канфліктам. Залежыць ад таго, наколькі яму хопіць розуму і смеласці прызнаць свае памылкі. Гэта мы пабачым ужо ў бліжэйшыя дні.

Еўропа ў сваю чаргу павінна дэманстраваць пазіцыю жорсткага непрыняцца таго, што адбываецца ва Украіне. Яны павінны казаць, што валодаюць поўнай інфармацыяй і што спроба замыльвання вачэй праз прапуцінскіх стаўленнікаў у Еўропе не дасягнула выніку.

* * *

«Украінскі вузел настолькі замотаны, што перамовы наўрад ці паспрыяюць спыненню агню на Данбасе, але хочацца ў гэта вераць», – выказвае спадзяванне палітолаг Алесь Лагвінец. “Па тым, што адбываецца ва ўсходняй Украіне, можна сказаць, што перамовы ў Менску – гэта толькі адна са спробаў, якая мае невялікія шанцы на поспех,” – ужо песімістычна выказваецца эксперт.

– Пра Пуціна зразумела. Ён абапіраецца на расейскую вайсковую магутнасць. Прынамсі Расея паказвае, што мае вялікае войска. Відавочна, што мае месца шантаж ядзернай зброяй, асабліва ў расейскіх сродках масавай інфармацыі. З іншага боку, у еўрапейскіх палітыкаў не да канца выкарыстаны арсенал эканамічных санкцый. Таксама зразумела, што захад неадназначна ставіцца да пытання пастаўкі абарончай зброі для ўкраінскай арміі. І тут сітуацыя вельмі неадназначная.

Напярэдадні пра неабходнасць спынення агню на Данбасе і мірнага ўрэгулявання сітуацыі на аснове менскіх дамоўленасцяў заявілі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка і ЗША Барака Абама падчас тэлефоннай размовы.

Суразмоўцы выказалі надзею на прагрэс падчас саміту ў «нармандскім фармаце» (Украіна-Нямеччына-Францыя-Расея) у Менску і высока ацанілі намаганні лідараў Нямеччыны і Францыі, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўкраінскага кіраўніка.

* * *

У Менску чакаюць лідараў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі. Тэмай сустрэчы ў «нармандскім» фармаце стане вайна ў Данбасе. Як чакаецца, перамовы пачнуцца ў другой палове дня.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спадзяванні на поспех перамоваў у Менску паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель, прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, прэзідэнтамі Расеі і Украіны Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам.

Прадстаўнікі ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнэга заявілі, што перадалі іншым удзельнікам групы свой праект пратаколу аб вайсковым і палітычным урэгуляваньні сітуацыі ў Данбасе. Пасля азнаямлення з ім група можа сабрацца ізноў перад сустрэчай у «нармандскім фармаце». Іншыя бакі з каментарамі не выступалі.

* * *

Намаганні міжнароднай супольнасці па спыненні кровапраліцця на ўсходзе Укріаны працягваюцца. Учора, 10 лютага, у Менску адбылася сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Данбасе. Як паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў кантактнай групе, на аўторкавых перамовах не ўдалося прыняць ніякіх канкрэтных рашэнняў, і ў сераду перамовы будуць працягнутыя. Таксама сёння ў Менск  прыбудуць прадстаўнікі «Нармандскай чацвёркі» –  лідары Нямеччыны, Францыі, Расеі і Украіны.

«На фоне ўзмацнення напружанасці ваеннага канфлікту ва ўсходняй Украіне цяжка ўскладаць на гістарычныя перамовы ў Менску вялікія надзеі», – кажа палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.  Эксперт лічыць найперш неабазначанай пазіцыю прадстаўнікоў «лакаматыва аб’яднанай Еўропы» – Нямеччыны:

– Мы бачым, што пазіцыя даволі жорсткая, але не такая ясная. Выглядае, што Пуцін “на кані”, што ён дыктуе Еўропе. Еўропа, безумоўна, як ніколі за апошнія 70 гадоў стаіць на парозе вялікай вайны.

Паводле Рамана Якаўлеўскага, напярэдадні перамоў у Менску Еўропа адкладае на тыдзень прыняцце чарговых санкцый супраць Расеі, якая падтрымлівае гэтак званых “апалчэнцаў”.

У сваю чаргу, сепаратысты робяць сітуацыю на Данбасе яшчэ больш напружанай. Пры гэтым усімі спосабамі стараюцца паказаць, што дзейнічаюць незалежна.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  © Дзмітрый Азараў, Камерсант і прэс-служба АПУ