Яго музыку круцяць на радыё ў ЗША і Японіі: UZARI прэзентуе новы альбом
Пасля поспеху беларускамоўнага альбома «Падзяка сэрца» артыст падрыхтаваў для прыхільнікаў новы рэліз – ужо на ангельскай. Падчас запісу ён разам з камандай жыў у студыі і працаваў суткамі.
Беларускі артыст UZARI прэзентуе новы альбом «Say WOW» – восем яркіх трэкаў на ангельскай мове. Стваральнікі ўпэўнены, што пад гэту музыку можна смяяцца і плакаць, танцаваць і кахацца. Увогуле, рабіць усё, што хочацца і падабаецца.
Напрыклад, знакамітая тэнісістка Каралін Вазняцкі пад адну з гэтых песень атрымвала ўзнагароду WTA у Санкт-Пецярбургу ў 2018 годзе.
«Мы запісалі альбом за два тыдні: з камандай жылі ў студыі ўвесь гэты час. Звядзенне заняло значна больш часу. Музычны матэрыял цалкам звадзілі на аналагавай тэхніцы і зусім не карысталіся лічбавымя апрацоўкамі», – расказаў пра працэс UZARI.
Ідэя новага альбома з’явілася пасля поспеху першых англамоўных трэкаў за мяжой. У ЗША, Японіі, Нарвегіі і нават Аўстраліі яны дагэтуль у актыўнай ратацыі на радыё, а на некаторыя песні ствараліся тэатральныя нумары. Музыканты вырашылі, што беларускім слухачам таксама можа спадабацца. Увайшла ў альбом і новая версія песні «The Winner». Яе UZARI выпусціў разам з папулярным амерыканскім рэперам Touré Masters.
«Гэты альбом спалучае розныя жанры і музычныя стылі. Усе трэкі вельмі эмацыйныя і складаныя ў плане вакалу. Я ўдзячны камандзе, якая працавала над гэтым праектам і ўпэўнены, што наша творчасць зможа заваяваць сэрцы слухачоў. Ведаю дакладна: гэта музыка нікога не пакіне абыякавым», – кажа артыст.
Над музыкай і саўнд-прадусаваннем разам з выканаўцам працаваў калега Дзмітры Півень, тэксты пісаў Раман Калодка. Альбом музыкі запісалі ў менскай студыі «EverestMedia».
Вокладку да новай пласцінкі прыдумала і намалявала беларуская мастачка Вольга Стаброўская, якая працуе пад псеўданімам Pavlio. Дзяўчына малюе цікавыя абстракцыі і ўвесь час эксперыментуе з матэрыяламі і стылямі. Менавіта таму і была абрана яе карціна.
1. UZARI – The Winner
2. UZARI – Sunlight
3. UZARI – Say WOW
4. UZARI – Raining town
5. UZARI – I’m not done
6. UZARI – Going up
7. UZARI – Massive love
8. UZARI – It was us
Запісвалі новы альбом адначасова з «Падзякай сэрца».
Гэта праца ўбачыла свет год таму і атрымала высокія адзнакі музычных крытыкаў. Артыст упэўнены, што злучальным элементам паміж беларускім і ангельскім альбомамі стала песня «Мой Vibe», выпушчаная ў сакавіку 2020 года. Кліп набраў больш за 230 тысяч праглядаў на YouTube.