Ці знізіць Расея кошты на газ?
Эканаміст Барыс Жаліба тлумачыць, чаму “саюзнік” павінен плаціць Расеі за газ больш, чым еўрапейскія краіны.
Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што перагляду цаны паставак газу ў Беларусь на 2020 год не прадугледжваецца, хаця беларускі бок просіць, каб цана “была больш адаптыўнай пры бягучай рэзкай змене эканамічнай кан’юнктуры”.
Нагадаем, што ў 2020 годзе Беларусь абавязана купляць у Расеі газ па цане 127 даляраў за тысячу кубаметраў, хаця сусветныя кошты ў апошні час знізіліся.
Барыс Жаліба: У Еўропе зараз і насамрэч газ таннейшы, чым для Беларусі. Натуральна, што беларускія ўлады заклапочаны такім развіццём падзей, але не думаю, што Масква пойдзе на зніжэнне коштаў.
Кантракт быў падпісаны на бягучы год, таму юрыдычна “Газпрам” (а, прасцей кажучы, Крэмль) дзейнічае як быццам правільна. Менавіта Пуцін можа пры жаданні знізіць цэны на газ для Беларусі, але, як бачым, пакуль такага жадання няма.
РР: Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя, калі так званы “саюзнік” павінен плаціць Расеі больш, чым тыя, якія ні ў якіх саюзах не заўважаны.
Барыс Жаліба: Так, і беларускія ўлады маюць рацыю, калі просяць пераглядзець умовы падпісанага на год кантракта. Апошнім часам у свеце значна знізіліся цэны на нафту і газ, а таму кан’юктура змянілася.
Калі дамова падпісвалася, ніхто ж не ведаў, што будзе такая экстрэмальная сітуацыя з пандэміяй каронавіруса, якая таксама знізіла кошты на нафту і газ.
Таму пабачым, якім чынам у гэтай сітуацыі будзе паводзіць Масква. З аднаго боку “Газпрам” таксама нясе вялікія страты, а таму не хоча губляць лішнюю капейку. З іншага – гэтае пытанне палягае ў палітычным полі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя