Ці адбудзецца ў Гародні Біг-міні-фестываль?



Правядзенне вялікага вулічнага штогадовага фэсту вулічнага мастацтва Біг-міні-фестываль, які адбываецца ў ліпені-жніўні ў Гародні, з-за сітуацыі з каронавірусам пакуль пад пытаннем.

Распавядае яго арганізатарка Настасся Роўба:

– Я вельмі спадзяюся, што ўсё скончыцца да жніўня, бо мы ўсё ж плануем дзявяты Біг-міні-фестываль, які пройдзе 8-9 жніўня. Я вельмі спадзяюся. Спадзяюся, што 9-га чысла мы пацешым гарадзенцаў. 

РР: Што будзе, калі межы будуць зачынены?

– Я настроеная на тое, што калі будуць закрытыя межы, то гэта будзе чыста беларускі фестываль. Напэўна не сумую з гэтай нагоды, бо важна, каб ён адбыўся. Расейцы, украінцы пісалі нам, пыталі ці будзе ён у гэтым годзе, яны гатовыя прыехаць, калі будзе магчыма. 

Мінулагодні 8-мы Біг-міні-фестываль напрыканцы ліпеня 2019 года сабраў артыстаў з сямі краін. На вуліцах горада можна было пабачыць разнастайныя праявы вулічнага мастацтва, а завяршыўся ён вялікім відовішчным вогненным шоў у парку Жылібера.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота holiday.by