Ці варта выказваць падзяку беларускім медыкам?



ІТ-бізнесовец Віктар Пракапеня прапанаваў а 21-й гадзіне 6 мая распачаць агульнанацыянальны флэшмоб у падтрымку медыкаў на капыл таго, як дзячылі лекарам у многіх краінах Еўропы. Ён прапаноўвае беларусам выходзіць на балконы і вуліцы гарадоў і пляскаць у далоні. Матыў гэтай акцыі зразумелы: лекары – героі нашага часу, якія змагаюцца на перадавой з эпідэміяй каронавіруса. Але такая прапанова знайшла не толькі падтрымку. Пэўная частка блогасферы выказваецца пра медыкаў у надзвычай крытычным рэчышчы. Вядомы грамадскі актывіст Ігар Случак, напрыклад, размясціў у “Фэйсбуку” допіс: “Збіраць зараз лекарам сродкі на маскі – тое ж, што падчас фальсіфікацыі выбараў настаўнікам на кветкі”. Пад гэтым паведамленнем прагназавана распачаліся вербальныя баталіі. Хтосьці актыўна ставіў дыслайкі, а нехта заблакаваў сваіх візаві. Нечакана аказалася, што новы падзел у беларускім грамадстве праходзіць таксама па лініі стаўлення да лекараў. У гэтым, відаць, унікальнасць нашай сітуацыі, калі нават падчас абмеркавання відавочнай справы як выказванне падзякі лекарам у іх шляхетнай місіі беларусы ламаюць дзіды.

Чаму ж узнікла сітуацыя, калі ў беларускім грамадстве адсутнічае больш-менш узгодненая пазіцыя адносна чыну медыкаў? У Заходняй Еўропе таксама няма адзінства адносна стаўлення да пандэміі covid-19. Але ў асноўным дыскусіі вядуцца вакол мер, якія прымаюць дзяржавы ў супрацьстаянні каронавірусу. Ёсць таксама катэгорыя грамадзянаў, якіх трапна назвалі кавідыётамі. Некаторыя дэманстрацыйна адмаўляюць небяспеку, імкнуцца паказаць свайму атачэнню і ўсяму свету, што каронавірус – гэта міф, на які не варта звяртаць увагу. Адзін іранскі журналіст настолькі перашчыраваў у сваім кавідыятызме, нават краты лізаў на браме адной мусульманскай святыні, што спачатку злёг з запаленнем лёгкіх, а потым увогуле сышоў на той свет. Брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан ставіўся да каронавірусу таксама на першым этапе дастаткова лёгка, пакуль сам не трапіў у рэанімацыю. Цяпер ён выказвае падзяку лекарам і нават назваў сына ў гонар сваіх выратавальнікаў.

Аднак спецыфіка беларускай сітуацыі недаверу да лекараў мае іншы, чым у еўрапейскіх скептыкаў, грунт. Многія грамадзяне, сутыкнуўшыся з бядой у Беларусі, не могуць атрымаць аб’ектыўных звестак пра стан здароўя сваіх родных, у вытрымках з медыцынскіх заключэнняў памерлых часам пішацца пра “пазабальнічную пнеўманію”. Не дадаюць яснасці і дзеянні профільнага Міністэрства аховы здароўя, якое, замест інфармавання грамадства, займаецца жангляваннем з лічбамі і шапказакідальніцтвам. Спачатку некаторыя беларусы кінуліся былі хваліць прэс-службу Міністэрства аховы здароўя, якая аператыўна пачала даваць інфармацыю пра сітуацыю з распаўсюдам каронавірусу ў Беларусі, нават зрабіла папулярным тэлеграм-канал. Але калі гэты тэлеграм-канал пераўтварыўся ў чарговы шлюз прапаганды, якая катком праходзілася па блогерах і журналістах, а таксама ўвесь час спявала панегірыкі дзеянням высокапастаўленых чыноўнікаў, стала зразумела, што ніякага адэкватнага інфармавання не будзе. А статыстыку хворых на кавід па абласцях увогуле перасталі даваць, нягледзячы на трывожныя звесткі з месцаў. Замест супакойвання грамадзянаў, Міністэрства аховы здароўя заняло пазіцыю кругавой абароны і пачало гуляць у маўчанку. Адпаведна, стаўленне да высокіх чыноўнікаў, якія, маючы доступ да статыстыкі, не інфармуюць належным чынам, перанеслася ў часткі грамадзянаў агулам на ўсіх медыкаў, што, вядома, абсалютна памылкова. Крытыкам беларускіх лекараў варта зазірнуць у вочы маладзенькіх выпускніц медуніверсітэту, фельчараў і лекараў, якія, абліваючыся потам у супрацьчумных касцюмах, штодня выратоўваюць сотні людзей. Яны не абавязаныя быць трыбунамі апазіцыі і змагарамі за праўду. Лінія іх змагання – жыцці пацыентаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ