Літва заклікала Беларусь адкласці запуск АЭС



Навіну аб дастаўцы ядзернага паліва на Беларускую АЭС абмеркаваў 6 мая па тэлефоне міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем.

„Я яшчэ раз падкрэсліў, што рэкамендацыі міжнародных інстытутаў, якія тычацца бяспекі электрастанцыі, павінны быць выкананыя да пачатку яе эксплуатацыі, — цытуе чыноўніка прэс-служба МЗС Літвы. — Таму мы заклікаем Беларусь не перагружаць ядзернае паліва да таго часу, пакуль усе рэкамендацыі міжнародных экспертаў не будуць выкананыя. Мы дамовіліся рэгулярна кансультавацца па ўсіх гэтых пытаннях”.

Літоўскае знешнепалітычнае ведамства таксама накіравала ў Беларусь ноту з настойлівым заклікам „надаць першарадную ўвагу бяспецы, а не графіку будаўніцтва і не падвяргаць небяспецы сваіх грамадзян і грамадзян іншых краін”. Паведамляецца, што Літва і Еўрасаюз у цэлым чакаюць, што Беларусь прыпыніць запуск станцыі, у тэрміновым парадку арганізуе для экспертаў ЕС агляд па выкананні мерапрыемстваў нацыянальнага плана дзеянняў па выніках праведзеных стрэс-тэстаў, а таксама неадкладна прыме групу міжнародных экспертаў для маніторынгу ўсяго працэсу.

Акрамя таго, Лінкявічус выказаў занепакоенасць з нагоды хуткага распаўсюджвання COVID-19 у Беларусі. „Мы занепакоеныя сітуацыяй з распаўсюджваннем каронавіруса, — заявіў ён. — Мы заклікаем вас прыняць пад увагу ўсе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя як па ўвядзенні каранціну, так і па планаваным 9 мая парадзе ў Менску. Акрамя таго, Беларусь просіць падтрымкі фінансавых устаноў у барацьбе з COVID-19, і таму неабходна правільна выкарыстоўваць гэтыя сродкі. Гэта важна не толькі для грамадзян Беларусі, але і для барацьбы з пандэміяй каронавіруса ва ўсім рэгіёне”.

6 мая прэс-службы Міністэрства энергетыкі Беларусі і адміністрацыі Беларускай АЭС паведамілі аб прыбыцці на будаўнічую пляцоўку атамнай станцыі саставу з ядзерным палівам для першага энергаблока.

belapan.by