Алімпійскую кваліфікацыю з удзелам зборнай Беларусі перанеслі на 2021 год



Зборная Беларусі па хакеі за адзіную пуцёўку на Гульні-2022 у Пекіне паспрачаецца з камандамі Славакіі, Аўстрыі і Польшчы з 26 па 29 жніўня 2021 года ў Браціславе. «Пашанцавала, што ў нас яшчэ ёсць час правесці гэтыя турніры, перанос кваліфікацыі на жнівень 2021 года дасць магчымасць камандам вывесці на лёд сваіх лепшых гульцоў», – кажуць у Міжнароднай федэрацыі хакея. Перанос турніраў павінен быць зацверджаны выканкамам Міжнароднага алімпійскага камітэта з-за пандэміі каронавіруса.

Віталь Лісаковіч стаў аўтарам лепшага гола 7-га тура чэмпіянату Беларусі

Аўтарам самага прыгожага гола 7-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі прызнаны форвард салігорскага «Шахцёра» Віталь Лісаковіч. Такі вынік традыцыйнага галасавання заўзятараў, арганізаванага асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола». У пераможнай гульні з «Іслаччу» Віталь Лісаковіч аформіў дубль, а самым прыгожым стаў яго другі гол, забіты на 78-й хвіліне ўдарам з лініі штрафной плошчы гасцей. Дзякуючы гэтай вікторыі футбалісты «Шахцёра» набралі 11 ачкоў і падняліся на 6-е месца ў турнірнай табліцы нацыянальнага першынства. Лідыруе «Слуцк», у якога 16 балаў, на другой пазіцыі жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» – 14 ачкоў, на адзін бал менш мае барысаўскі БАТЭ.

Сяргей Кавалёў ачоліў менскую федэрацыю футбола

Сяргей Кавалёў стаў старшынёй федэрацыі футбола Менска. Такое рашэнне прынята на пазачарговай канферэнцыі грамадскага аб’яднання.

Сяргей Кавалёў змяніў на пасадзе старшыні сталічнай федэрацыі Міхаіла Вяргеенку, які цяпер зʼяўляецца намеснікам старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Новы кіраўнік менскай футбольнай федэрацыі абраны на два гады. У 2016 годзе Сяргей Кавалёў стварыў інтэрнэт-платформу «Футбік», прысвечаную дзіцяча-юнацкаму футболу. Гэта ўнікальны праект не толькі ў Беларусі, але і на прасторах усёй Усходняй Еўропы. З красавіка бягучага года Сяргей Кавалёў быў прызначаны намеснікам старшыні ФК «Менск» па развіццю.

СААЗ вынесла рэкамендацыі для арганізатараў спартовых мерапрыемстваў

Міжнародны алімпійскі камітэт сумесна з іншымі спартовымі арганізацыямі, узяў удзел у распрацоўцы дакумента Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), які змяшчае канкрэтныя рэкамендацыі па ахове здароўя насельніцтва для арганізатараў спартовых спаборніцтваў. Дакумент дапаўняе існуючыя рэкамендацыі ў дачыненні да масавых мерапрыемстваў з-за распаўсюду віруса COVID-19. У першы раздзел дакумента ўключаны ключавыя палажэнні па відах спорту з нізкай і высокай рызыкай, маштабы мерапрыемства, правядзенне спаборніцтваў на адкрытым паветры і ў закрытых памяшканнях, рызыкі пры навале вялікай колькасці людзей і ўзаемадзеяння паміж імі.

Беларускае Радыё Рацыя