Пятро Парашэнка: Мы мусім бараніць Украіну



Краматорск чарговы раз абстралялі. Каля 8 раніцы некалькі ракетаў разарваліся ў ваколіцах горада, пра гэта паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак.

Падрабязнасцяў пра ахвяры і разбурэнні пакуль няма.

P1577957

Уначы Краматорск, які напярэдадні абстралялі ракетамі дальняга дзеяння, наведаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, які адзначыў, што сустрэча ў Менску кіраўнікоў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Украіны мае канчаткова спыніць любыя баявыя дзеянні ва Украіне.

– Мы мусім бараніць мір, спакой і горад Краматорск. Мы мусім бараніць Украіну. Я еду ў Менск, дзе мы хочам дамагчыся, каб неадкладна, без усялякіх папярэдніх патрабаванняў спынілі агонь, вывелі войскі і пачалі палітычны дыялог без усялякага ўмяшальніцтва. Межы нашай краіны мусяць быць надзейна зачыненыя і адноўлена ўкраінская мяжа. Усе іншаземныя войскі павінны быць выведзеныя з нашай краіны – ім няма чаго тут рабіць. Мы самі разбярэмся, без іх.

Аўторкавы абстрэл Краматорска вёўся з паўднёвага або паўднёва-ўсходняга кірунку.

Пра гэта ў сваёй справаздачы паведаміла маніторынгавая місія АБСЕ на Данбасе. Паводле назіральнікаў у горад стралялі боепрыпасамі са “Смерча” або “Тарнада”, дальнасцю да 120 кіламетраў. Паводле апошняй інфармацыі, у выніку абстрэлу загінула 16 чалавек, з іх 12 – цывільных.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота korrespondent.net