У расейскай Цверы дэмантавалі дошку ў памяць катыньскіх ахвяраў
У расейскім горадзе Цвер дэмантавалі дошку ў памяць катыньскіх ахвяраў. Пра гэта паведаміў рэсурс Бессмертный барак
Мемарыяльную шыльду „Памяці палякаў з лагера Асташкаў, забітых у Калініне” знялі з будынку Цвярскога дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту па патрабаванні пракуратуры. У гэтым будынку ў 1930-1950-ыя гады знаходзілася Упраўленне НКВД-МГБ па Калінінскай вобласці і ўнутраная турма.
Пракуратура пачала праверку па законнасці ўсталявання мемарыяльнай шыльды на будынку медуніверсітэту. Па выніках гэтай „праверкі” супрацоўнікі надзорнага органа пастанавілі, што доказаў расстрэлу польскіх грамадзян у 1940 годзе на вуліцы Савецкай у Калініне няма. З 1939 года палякі і іншыя вязні знаходзіліся ў лагеры, які размяшчаўся ў Асташкаўскім манастыры.
У выніку пракуратура пастанавіла дэмантаваць мемарыяльную шыльду. Гэтае рашэнне было выкананана 7 траўня. Абедзве інфармацыйныя таблічкі дэмантаваныя.
Мемарыяльная шыльда на будынку цвярскога медуніверсітэту з’явілася ў 1991 годзе. Грошы на яе збірала польская грамадская арганізацыя „Катыньскія сем’і”. Паводле яе звестак у сутарэннях будынку ў 1940 годзе расстрэльвалі польскіх грамадзян. У іх памяць і была ўсталяваны шыльда. Напэўна сярод грамадзян Польшчы ў гэтым падвале расстрэльвалі і беларусаў.
Паводле гістарычнай даведкі ў перыяд з 5 красавіка па 21 траўня 1940 года ў памяшканнях унутранай турмы НКВД у Калініне было расстраляна больш 6 тысяч польскіх ваеннапалонных, якіх дастаўлялі сюды партыямі з Асташкаўскага канцлагеру. Целы для пахавання вывозілі ў раён сяла Меднае і на гарадскія Валынскія могілкі. На тэрыторыі НКВД было пахавана каля 100 забітых.
Беларускае Радыё Рацыя