У вёсках для пенсіянераў адкрылі “Кропкі здароўя”
Як аказваць першую медычную дапамогу вучаюць пенсіянераў у Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Тут сіламі валанцёраў арганізацыі ’’Чырвоны крыж’’ створана ініцыятыўная група ’’Час і мы’’. Агулам „Кропкі здароўя” адчыненыя ў 12 населеных пунктах раёну ў межах праекту “Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей па пытаннях іх удзелу ў паўнавартасным жыцці грамадства”, – пра гэта распавяла адная з каардытанатараў праграмы Аксана Трушкова:
– Мы вывучылі патрабаванні сталых людзей. Аказалася, што не заўсёды да іх можа даехаць лекар. Нават элементарна памераць ціск ці атрымаць патрэбную кансультацыю. Таму валанцёры вырашылі дапамагчы людзям у складаных сітуацыях. Зразумела, што прафесійную медычную дапамогу яны не маюць права аказваць, але іх навучылі аказваць першую дапамогу, а пасля ўжо вучылі насельніцтва.
Як распавяла Аксана Трушкова, для функцыянавання “Кропак здароўя” былі закупленыя ўсе неабходныя рэчы для аказання першай дапамогі. Наведаць іх можна ў дамах старастаў вёсак.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота interfax.by