Затрымалі і праз тры гадзіны адпусцілі
Затрымалі і праз тры гадзіны адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі чатырох жыхароў Берасця, якія выйшлі на плошчу падтрымаць блогераў 6 траўня.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Ён упэўнены ў тым, што зараз такімі дзеяннямі проста адбываецца запужванне людзей і рэпетыцыя будучых арыштаў:
– Гэтае затрыманне такое яскравае, і ўсе пабачылі гэтыя твары, галоўнага фігуранта Мікалая Самасюка, намесніка начальніка ленінскага РАУС. Яны падыходзяць, не прадстаўляюцца, а проста хапаюць людзей і кудысьці цягнуць. Я лічу, што гэта проста трэніроўка на людзях напярэдадні выбарчай кампаніі, калі трэба будзе ні за што хапаць людзей на вуліцах і ставіць на месца.
Дакладна невядома, ці затрыманыя выходзілі на акцыю ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Іх афіцыйная пазіцыя не агучваецца, як і персанальныя дадзеныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце