Чаму блогеры сталі моцным трэндам?



Палітык Анатоль Лябедзька аналізуе сітуацыю з ціскам на блогераў, якія займаюцца асвятленнем сацыяльна-палітычных праблем.

Днямі быў затрыманы стваральнік ютуб-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі, пасля чаго ў Менску, Гародні і Магілёве прайшлі акцыі ў падтрымку блогера. Таксама затрыманы і берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін.

Анатоль Лябедзька: Апошнім часам я сам займаюся блогерствам, маю сталыя кантакты ў блогерскай супольнасці і ведаю гэтую сітуацыю, як кажуць, знутры.

Насамрэч трэба прызнаць, што ў апошні час блогеры сталі моцным трэндам, і зразумела, чаму гэта адбылося. Бо гэты трэнд скіраваны на наўпроставыя камунікацыі з людзьмі.

Я раблю перадачы, і, калі іх глядзяць у сярэднім 100 тысяч чалавек, ёсць 500 тысяч каментарыяў, то ты размаўляеш з гэтымі людзьмі і рэагуеш на сітуацыю.

Калі ты бачыш, якія ў людзей настроі, то адчуваеш, што вядзеш з імі пастаянны дыялог. І людзі гэта адчуваюць. Таму тут значна большы ўзровень даверу і камунікацый. Асабліва зараз, калі многія знаходзяцца на самаізаляцыі.

РР: Адным словам, блогеры становяцца пэўнай інфармацыйнай і палітычнай сілай?

Анатоль Лябедзька: Трэба казаць не пра ўсіх блогераў, а пра тых, якія асвятляюць сацыяльна-палітычныя з’явы. Гэтыя людзі і насамрэч сталі нефармальнымі лідарамі думкі.

А, напрыклад, блогер Сяргей Ціханоўскі пачаў пераводзіць дыскусію з народам з Інтэрнэт-прасторы на вуліцу. І гэта таксама запрацавала, хаця і не вельмі магутна. Але калі на сустрэчы прыходзяць дзясяткі новых людзей (не актывістаў), то, натуральна, што гэта выклікае занепакоенасць у беларускіх уладаў.

Я думаю, што рашэнні аб затрыманнях прымаліся на самых высокіх узроўнях, а адмашку на паляванне на блогераў, думаю, далі таксама ў высокіх кабінетах. Бо міліцыянеры, якія апошнім часам засядзеліся без працы, проста выканаўцы.

РР: Рэпрэсіі ў дачыненні да блогераў працягнуцца?

Анатоль Лябедзька: Мяркую, на затрыманнях Ціханоўскага і Пятрухіна кропка не пастаўлена, бо блогерская супольнасць будзе на гэта рэагаваць тымі рэсурсамі і магчымасцямі, што ў іх ёсць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя