Зварот Руху Салідарнасці „Разам” да грамадзян, уладаў і міжнароднай супольнасці
Рух Салідарнасці „Разам” 8 траўня прыняў заяву да грамадзян і уладаў. У заяве гэтай структуры выстаўлены патрабавані ўладам і гаворыцца наступнае:
„ДЫКТАТУРА ЗАБІВАЕ БЕЛАРУСАЎ!
34 гады таму адбыўся выбух на 4-м блоку Чарнобыльскай АЭС. Ад чарнобыльскай катастрофы найбольш моцна пацярпела Беларусь. Наступствы гэтай катастрофы былі ўзмоцненыя некампетэнтнасцю савецкіх чыноўнікаў і хлуснёю ўлады, якой тады манапольна валодалі камуністы.
Беларускі нацыянальны рух традыцыйна з 1989 года праводзіць на вуліцах сталіцы Беларусі акцыю Чарнобыльскі Шлях. Каб патрабаваць ад уладаў мінімізаваць наступствы Чарнобыльскай катастрофы і ўшанаваць памяць ліквідатараў і ўсіх людзей, памерлых у выніку хвароб, справакаваных аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Сёлета мусілі адмяніць Чарнобыльскі Шлях праз сусветную пандэмію каронавіруса. Новая бяда прыйшла на Беларусь, а сённяшнія ўлады робяць тое ж, што 34 гады таму рабілі іхнія папярэднікі: хаваюць праўду пра ахвяраў каронавіруса, прымушаюць праводзіць суботнікі, нікому не патрэбныя зараз парады на 9 траўня, “славянскія базары”. Найбольш гнюсна паводзіць сябе сённяшні кіраўнік улады Аляксандр Лукашэнка, адкрыта здзекуючыся з беларусаў знявагай да памерлых у выніку эпідэміі, анекдатычнымі парадамі аб лекаванні каронавіруса, дэманстрацыяй свайго эскорта з маладых дзяўчат і г.д.. І гэта ў той час, калі беларускія шпіталі перапоўненыя хворымі на пнеўманію, калі Беларусь імкліва ўварвалася ў першыя 30 краін свету па агульнай колькасці інфікаваных каронавірусам і, на вялікі жаль, ператвараецца ў лідара эпідэміі ўва Усходняй Еўропе.
Тэмпы, якімі пашыраецца эпідэмія ў Беларусі, катастрафічныя. Сітуацыя абцяжарваецца яшчэ і тым, што людзі не маюць ніякага даверу да ўлады, якую яны ўжо 25 год не абіраюць, няма падставаў давяраць і лічбам, якія агучваюцца гэтай ўладай. Бо зашмат інфармацыі аб фактах адмоваў на правядзенне тэстаў хворым і рэзкім павелічэнні колькасці смерцяў ад пнеўманіі у розных гарадах Беларусі.
Рух Салідарнасці “Разам” спачувае блізкім і родным загінуўшых ахвяраў пандэміі. Мы цалкам падтрымліваем дзейнасць валанцёраў, медыкаў, усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі па мінімізацыі наступстваў гэтай сусветнай катастрофы, якая ахапіла практычна ўсе краіны свету і ўжо запачаткавала новы эканамічны крызіс, які моцна ўдарыць і па Беларусі, дзе Лукашэнка ўжо 25 год праводзіць сваю бяздарную эканамічную палітыку. А ягоная заўсёдная нянавісць да свабодаў і правоў беларусаў, да беларускай мовы і культуры аб’ектыўна сведчыць, што беларусы ў першую чаргу мусяць разлічваць на сябе. Бо дыктатура забівае беларусаў!
Таму мы заклікаем беларусаў: Беражыце сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх і родных! Беражыце сваю працу! Беражыце Беларусь! Бо сённяшняя ўлада будзе занятая іншым – выбіваннем новых шматмільярдных крэдытаў, якія аддаваць потым трэба будзе беларусам. І гэтыя крэдыты непадкантрольная беларусам улада будзе выкарыстоўваць на свае патрэбы і забавы, на ўтрыманне сілавых структураў дзеля захавання самой сябе, а не для дапамогі людзям. Не абіраемая народам улада лічыць, што людзям яна нічога не вінная. Таму Рух Салідарнасці “Разам” падтрымлівае ініцыятыву дэпутатаў Незалежнасці на чале з Зянонам Пазняком аб неабходнасці тэрміновага адхілення Лукашэнкі ад улады дзеля ўратавання Беларусі. Лічым спробу правядзення ўладамі выбарчага фарсу ў Беларусі ва ўмовах пандэміі недапушчальным здзекам з беларускага народа. Патрабуем ад сённяшніх уладаў рэальных крокаў па мінімізацыі наступстваў эпідэміі:
1. Выканання рэкамендацый СААЗ па супрацьдзеянню эпідэміі каронавіруса ў Беларусі. 2. Штодзённа даваць інфармацыю па сітуацыі з пандэміяй каронавіруса ў Беларусі. Без тых рэбусаў, якія дазваляе сабе перыядычна Міністэрства аховы здароўя. Інфармаваць не толькі пра колькасць інфікаваных, памерлых, выпісаных пацыентаў і праведзеных тэстаў, але і пра колькасць пацыентаў з цяжкім станам у шпіталях, а таксама колькасць хворых на Covid-19, выпісаных дамоў на амбулаторнае лячэнне. Патрабуем падаваць не толькі агульныя звесткі па краіне, бо да гэтай інфармацыі няма даверу, а па кожнаму адміністрацыйнаму раёну Рэспублікі Беларусь. 3. Патрабуем ад улады прабачэнняў за хамскія абразы на адрас хворых і памерлых ад эпідэміі каронавіруса беларусаў. 4. Спынення ціску сілавых структураў на медыкаў, 5. Даручэння спецыялістам-эпідэміолагам вырашаць пытанне аб увядзенні каранціна, як у найбольш пастрадалых ад эпідэміі гарадах, так і на ўзроўні краіны. 6. Павялічэння на 50% падчас пандэміі заробкаў лекарам і медсёстрам. 7. Дазволіць кожнаму шпіталю і медустанове, якая змагаецца з наступствамі эпідэміі, інфармаваць грамадскасць Беларусі аб жыццёва неабходных ім сродках дзеля адраснай дапамогі хворым. 8. Скарачэння на час пандэміі зарплаты ўсім чыноўнікам і сілавікам на 25%. 9. Да заканчэння пандэміі зняць падаткі і іншыя паборы з малога і сярэдняга бізнесу. 10. Стварыць неабходную інфраструктуру па забеспячэнню самаізаляваных грамадзян дастаўкай прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці, медыкаментаў пры адраснай дапамозе прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці 11. Адмены параду 9 траўня. 12. Тэрміновага закрыцця мяжы з Расейскай Федэрацыяй. 13. Спынення фінансавання прарэжымных грамадскіх структураў. 14. Закрыцця ўсіх адміністратыўных турмаў, гэта значыць, адмяніць на час пандэміі прымяненне адміністрацыйных арыштаў. 15. Закрыцця на час пандэміі ўсіх ЛТП і спынення іх дзейнасці. 16. Закрыцця на час пандэміі ўсіх камендатураў так званай “хіміі” і спынення іх дзейнасці. 17. Правядзення тэрміновай амністыі для рэзкага скарачэння колькасці зняволеных у турмах.
Мы звяртаемся да міжнароднай грамадскасці з просьбай аказаць ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, каб прымусіць яго пачаць мінімізаваць наступствы эпідэміі ў Беларусі. Мы заклікаем аказваць адрасную дапамогу беларусам у барацьбе з эпідэміяй каронавіруса.
Народ! Барані сябе сам! Жыве Беларусь! 08.05.2020г. г. Менск”.