Covid-19: агляд сусветнай прэсы



Як каронавірус паўплываў на польскую палітыку? Колькі палякаў не будуць рабіць прышчэпку? Якое даследаванне дае надзею на перамогу над хваробай? Адказы на гэтыя пытанні — ў аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

Новае даследаванне дае надзею ў змрочнай барацьбе з каронавірусам: амаль кожны, хто перанёс захворванне — незалежна ад узросту, полу і цяжару хваробы — вырабляе антыцелы да вірусу. Даследаванне, размешчанае напярэдадні яшчэ не зацверджанае спецыялістамі, але ў ім гаворыцца, што кожны, хто вылечыўся ад інфекцыі, можа спакойна вярнуцца да працы — хоць не зразумела, як доўга можа доўжыцца іх абарона. „Гэта вельмі добрая навіна”, – сказала Анжэла Расмусэн, вірусолаг з Калумбійскага універсітэта ў Нью-Ёрку, якая не брала ўдзелу ў даследаванні, піша New York Times. Антыцелы — імунныя малекулы, якія выпрацоўваюцца арганізмам для барацьбы з патагеннымі мікраарганізмамі. Наяўнасць антыцелаў у крыві звычайна забяспечвае хоць нейкую абарону ад вірусу. У матэрыяле журналістаў адзначаецца, што медыкі розных краін свету, у тым ліку Злучаных Штатаў ускладалі надзеі на тэсты на антыцелы, каб зразумець, у каго яны выпрацаваліся, і каго можна дапускаць да працы. А людзей без падобнага „шчытавога імунітэту” варта было б накіраваць у шпіталі. Але большасць тэстаў на антыцелы багатая ілжывымі станоўчымі рэакцыямі — сігналы антыцелаў там, дзе іх няма. Новае даследаванне абапіралася на тэст, распрацаваны Фларыянам Крамэрам, вірусолагам з медыцынскай школы Ікана на гары Сінай, тэст мае менш за 1 працэнт шанцаў даваць ілжыва-станоўчыя вынікі. Новае даследаванне з’яўляецца самым вялікім на сёння, яно ўключыла вынікі 1343 чалавек у Нью-Ёрку і ваколіцах. Наяўнасць антыцелаў не тое ж самае, што імунітэт ад вірусу. Але ў даследаваннях каманда доктара Крамэра паказала, што ўзровень антыцелаў цесна спалучаны са здольнасцю раззброіць вірус, і фактычна гэты ўзровень ёсць ключом да імунітэту.

Сумятня вакол прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы дэманструе, што ПіС ступае на тую сцежку, на якой ужо была Платформа Абыватэльска ў сваёй другой кадэнцыі. Такую думку выказвае публіцыст Polska Times Агатон Казіньскі. На крызіс яскрава паказвае тое, што прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 10 траўня, адкладзеныя праз пандэмію каронавірусу, але выбарчую цішу ніхто не скасаваў. Аўтар публікацыі піша, што кіраўнікі палітычных партый мусілі імправізаваць, дакладна ўсведамляючы яшчэ ў сакавіку, што кампанія нават без адкладання прэзідэнцкіх выбараў станецца нестандартнай, не такой як раней. Пераможцам ва ўсёй мітусні з выбарамі Казіньскі лічыць, тым не менш, ПіС. Тлумачэнне гэтаму простае — сваімі ваганнямі, гуляннем з магчымай датай выбараў кіроўнай партыі ўдалося пасеяць нявызначанасць у апазіцыі, тым самым падкрэсліўшы яе неаднастайнасць. Малгажата Кідава-Блоньска пагразіла байкотам, Шыман Галоўня і Уладзіслаў Касіняк-Камыш наадварот, націснулі на газ, спрабуючы самасцвердзіцца за кошт кандыдаткі ад Платформы. А калі яны прыспешылі хаду, стала відавочна, у якім чарапашым тэмпе праходзіць кампанія Робэрта Бэдраня. Аднак разам з тым, штаб ПіС на Навагродскай дапусціў асноўную памылку: ім выгадней было пакінуць выбары на 10 траўня, паказваючы, што не яны кіруюць працэсам, а працэс кіруе ўсімі падзеямі. Публіцыст Polska Times лічыць, што новы прэзідэнт Польшчы стане вядомы ў сярэдзіне ліпеня дзякуючы галасаванню па пошце. Таксама Казіньскі аналізуе стан партый, прыходзячы да высновы, што акурат буйныя апазіцыйныя Лявіца і Платформа Абыватэльска выходзяць з міжсобнай бойкі апазіцыі найбольш пашкоджанымі. І наогул апазіцыя працягвае збольшага высвятляць свае зносіны, чым змагацца з Анджэем Дудам і ягонай партыяй. Таксама варта паназіраць за сутычкай двух Яраславаў — Качыньскага і Говіна. Апошні, маючы невялікую партыю, упершыню за доўгі час здолеў заблакаваць магутнага першага. Фактычна, Говін паказаў Качынськаму на межы ягонай улады. А старшыня ПіС, напэўна, запомніць гэты ход кіраўніка аб’яднанай правіцы надоўга.

Ну і ў апошнім паведамленні сённяшняга агляду зноў скажам пра Польшчу. Толькі на гэты раз не пра палітыку ва ўмовах каронавірусу, а палякаў ва ўмовах каронавірусу. У свеце адначасова працягваюцца дзясяткі дарагіх даследаванняў, некаторыя з якіх шукаюць і прышчэпку ад каронавірусу, якая назаўжды можа пазбавіць чалавецтва страхаў перад гэтай хваробай, што ўжо забрала жыцці мноства людзей па ўсёй планеце. Аднак у апытанні, праведзеным панэллю Ariadna, кожны чацвёрты паляк заявіў, што не збіраецца рабіць прышчэпку ад каронавірусу, калі яна нарэшце будзе вынайдзена. У апытанні ўдзельнічалі 1073 чалавекі ва ўзросце, старэйшым за 18 гадоў. 27% адказалі, што прышчэпку рабіць не будуць, альбо „хутчэй за ўсё не будуць”. 47% апытаных дакладна альбо хутчэй за ўсё зробяць прышчэпку. 26% апытаных яшчэ не вырашылі. Прышчэпка ад каронавірусу, паводле медыкаў, з’явіцца не раней за канец вясны 2021 года.

Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч.