Дзвесце тысяч медыцынскіх масак для Берасцейскай вобласці



Дзвесце тысяч медыцынскіх масак дзякуючы дабрачынным рахункам былі перададзеныя для Берасцейскай вобласці. Такія дадзеныя агучылі ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Сродкі пералічылі неабыякавыя грамадзяне на барацьбу з COVID-19.

Кажа наш карэспандэнт Аліса Поль:

Найперш на ахвяраваныя грошы закупаюцца сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў і розныя сродкі гігіены. Асабліва гэта актуальна для малых населеных пунктаў. Дадаткова былі набытыя рэспіратары і паўмаскі фільтруючыя аэразольныя.

Неабыякавыя берасцейцы таксама працягваюць збор сродкаў праз платформу Мола-Мола. Ініцыятарамі выступіла крама „Князь Вітаўт”. Лекарам патрабуюцца часам не толькі маскі і санітайзеры, але і садавіна, рэчы першай неабходнасці.

Як вядома, не ўсе лякарні гатовыя прымаць рэчы, што перадаюць шараговыя грамадзяне. Часам патрабуецца дазвол ад кіраўніцтва медыцынскай установы. Гэта стварае дадатковыя перашкоды, у першую чаргу ў раённых цэнтрах.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце