У Магілёве затрыманая член палітрады АГП Таццяна Сівачэнка



Член палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Таццяна Сівачэнка затрыманая 8 мая ў Магілёве.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, міліцыянеры прыехалі дамоў да Сівачэнкі і забралі яе нібыта для гутаркі. Пазней яна змагла паведаміць, што яе затрымліваюць да суда за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Паводле слоў Шанцава, гаворка ідзе пра сустрэчу з камандай блогера Сяргея Ціханоўскага, якая планавалася 5 мая ў Магілёве, але не адбылася.

Палітык адзначыў, што ў Магілёве было затрымана сем чалавек, іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі.

БелаПАН удалося звязацца з Таццянай Сівачэнкай, якая зараз знаходзіцца ў аддзяленні міліцыі. У 20.00 яна чакае адпраўкі ў ізалятар часовага ўтрымання. „Суд, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў панядзелак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 5 мая”, — паведаміла Сівачэнка.

Каментуючы сітуацыю, яна заявіла: „Такім чынам улады запалохваюць актывістаў, бо хутка выбары і яны баяцца актыўнасці грамадзян”.